Разделы сайта

Главная

Архив новостей

17.01.2020

Узнеслыя муралы

На сценах дамоў з’явіліся беларускамоўныя вершы. Іх будзе яшчэ больш

Напрыканцы мінулага года ў цэнтры Берасця - па вуліцах Маякоўскага, 9, Гогаля, 76 і Камсамольскай, 60 прапісаліся вершы Максіма Багдановіча, Генадзя Бураўкіна і Ніны Мацяш. Такога яшчэ не было. Ініцыятар новай ідэі - навучэнец гімназіі №1 Дзяніс Рабчук. Ён сам захапляецца прыгожым пісьменствам. А цікавая ідэя ўзнікла падчас шпацыру па Львову, расказаў дзесяцікласнік.

Далей была справа тэхнікі, як кажуць. Хлопец стварыў валанцёрскую ініцыятыву #vershybrest і падаў прапанову на конкурс у рамках школы праектнага менеджэра, які арганізуе агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч». У выніку Дзяніс перамог і атрымаў фінансаванне. Гэта надало сіл і натхнення. Разам з сябрамі і ўсімі жадаючымі падрыхтаваў каля двух дзясяткаў эскізаў: як і дзе лепш ажыццявіць задуманае. Але канчатковы вердыкт выносілі ўлады.

На шчасце, цікавая прапанова атрымала падтрымку старшыні гарвыканкама Аляксандра Рагачука. Вялікую дапамогу ў выбары месцаў для малюнкаў і ў аператыўным выкананні неабходных адміністрацыйных працэдур і дазволаў аказалі галоўны архітэктар Берасця Мікалай Уласюк і начальнік аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі гарвыканкама Генадзь Іванчын. Такім чынам камісійна выбралі тры вершы і месцы іх знаходжання.

- Выбар рабіўся дэмакратычным шляхам, - з асаблівым гонарам падкрэслівае ініцыятар задумкі Дзяніс Рабчук.

Затым трэба было хораша перанесці вершаваныя радкі на сцены пабудоў. Энтузіясты рыхтавалі вялікія трафарэты, а затым з дапамогай праектара пераносілі малюнак на муры. За працу ўзяліся мастачкі Юлія Раманчук і Ганна Козак. Яны шчыравалі на свежым паветры з канца лістапада. Першым быў «намаляваны» верш Максіма Багдановіча («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»), затым Генадзя Бураўкіна («Атруці мяне вясновым хмелем...») і Ніны Мацяш («А мне ўсё лепей без цябе...»). Многія берасцейцы ўжо ацанілі ініцыятыву і на бягу стараюцца выхапіць той ці іншы радок пра каханне ці філасофскае ўспрыманне жыцця. Так што задумка працуе. Апроч таго, гэта прыгожа выглядае. Муралы - сучаснае вулічнае мастацтва. Яно адрозніваецца ад графіці глыбокай ідэяй, узгадняецца з уладамі.

Як распавёў ініцыятар «вершаванай канцэпцыі» Дзяніс Рабчук, трыма вершамі ўсё не скончыцца. Плануецца запуск краўндфандынгавай кампаніі па зборы сродкаў і працяг працы. На адзін верш сярэдніх памераў патрэбна да 80-ці беларускіх рублёў. Асноўная частка расходаў ідзе на фарбу. Плануецца, што чарговыя паэтычныя радкі з'явяцца таксама ў цэнтры горада. І будзе іх шмат.

Дарэчы, ужо зараз кожны жыхар Берасця можа прапанаваць камандзе #vershybrest свае тэзісы і варыянты.

Источник

vb.by