Разделы сайта

Главная

Канцэпцыя вучэбнага прадмета "Беларуская мова"

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

ад 29.05.2009 № 675

 

 

КАНЦЭПЦЫЯ

вучэбнага прадмета ”Беларуская мова“

 

I ступень агульнай сярэдняй адукацыі

(для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай

і рускай мовамі навучання)

 

 

 

1. Метадалагічныя асновы навучання беларускай мове

 

Развіццё і ўдасканаленне моўнай адукацыі малодшых школьнікаў у школах Беларусі звязана з пошукам і рэалізацыяй перспектыўных ідэй фарміравання асобы ва ўмовах актыўных пераўтварэнняў у грамадстве. Праверка на трываласць, якую адчувае на сабе школа, паказала, што далейшае яе функцыянаванне цесным чынам звязваецца з культуразгоднасцю і захаваннем асноватворных традыцый, якія склаліся ў сістэме адукацыі і развіваюцца ўжо не адно дзесяцігоддзе.

Павышэнне ролі культуры ў розных сферах жыццядзейнасці патрабуе ад сістэмы адукацыі фарміравання культурнага чалавека з яго высокімі маральнымі якасцямі, багатагым духоўным светам, камунікатыўнай культурай. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што беларуская мова як вучэбны прадмет у пачатковых класах займае вядучае становішча ў вырашэнні пастаўленай задачы.

Засваенне беларускай мовы на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі закладвае трывалы фундамент моўнай падрыхтоўкі вучняў, які неабходны для працягу навучання і паўнавартаснага далучэння да культурнага жыцця ў грамадстве. Беларуская мова як родная забяспечвае развіццё асобы вучня, яго схільнасцей і здольнасцей да сацыяльнага самавызначэння, атрыманне прадметных ведаў і фарміраванне навуковага светапогляду.

Увядзенне на пачатковым этапе навучання беларускай мове факультатыўных заняткаў накіравана на развіццё моўных здольнасцей малодшых школьнікаў, пашырэнне сферы прымянення беларускай мовы і ўдасканаленне камунікатыўных уменняў і навыкаў. Гэтыя дапаможныя формы арганізацыі працэсу навучання малодшых школьнікаў беларускай мове прызначаны для задавальнення іх патрэбнасцей у роднай мове і імкненняў да моўнага самаўдасканалення.

Факультатыўныя заняткі па беларускай мове ў ІІ–IV класахз’яўляюцца эфектыўнай формай дыферэнцаванага навучання. Іх задача – паглыбіць і пашырыць сферу ўжывання малодшымі школьнікамі беларускай мовы. Вучні па ўласным жаданні выбіраюць праграму заняткаў і працуюць на працягу аднаго або некалькіх гадоў. Па жаданні вучняў праграма факультатыўных заняткаў па беларускай мове можа быць скарэктавана, але яна не павінна дубліраваць вучэбны прадмет.

Побач з пастаянна дзеючымі формамі навучання беларускай мове важнае значэнне набываюць эпізадычныя мерапрыемствы: алімпіяды, віктарыны, конкурсы, выставы, экспедыцыі, індывідуальныя і калектыўныя творчыя справы.

Аб’ектам навучання беларускай мове ў ІІ–IV класах з’яўляецца працэс фарміравання ўмення вучняў выкарыстоўваць беларускую мову ў якасці сродку зносін паміж людзьмі.

Зыходныя тэарэтычныя палажэнні.

1. Моўная адукацыя выконвае высокую і адказную місію ў выніку той значнай ролі ў культурным развіцці малодшых школьнікаў, якая адводзіцца І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, дзе закладваюцца асновы фарміравання культурнага чалавека.

2. Засваенне беларускай (роднай) мовы малодшымі школьнікамі забяспечвае іх важнейшую патрэбнасць – камунікатыўную, якая праяўляецца на дадзеным этапе жыцця (пункт погдяду аб’ектыўна-дзейнасны), на якім вызначаюцца на навуковай аснове правілы выкарыстання мовы як асноўнага сродку зносін людзей, і сродку фарміравання і выказвання думкі (пункт погляду нарматыўна-рэгулюючы), на якім вучні авалодваюць вуснай і пісьмовай мовай.

3. Авалоданне формамі вуснай і пісьмовай мовы, раскрыццё заканамернасцей ужывання мовы на ўсіх узроўнях моўнай сістэмы – вымаўленчым, лексічным, граматычным – не толькі вызначаюць тэндэнцыі развіцця моўнакамунікатыўнай культуры вучняў, але і дазваляюць уздзейнічаць на гэты працэс, садзейнічаць рэальнаму, мэтанакіраванаму падпарадкаванню моўнай дзейнасці вучняў нормам беларускай літаратурнай мовы, праводзіць сістэматычную моўную падрыхтоўку.

4. Змест моўнай адукацыі малодшых школьнікаў уключае звесткі аб ужыванні ў моўных зносінах аспектных адзінак мовы (гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў), аб іх функцыянальнай ролі ў працэсе фарміравання і выказвання думкі. Гэта тыя веды, якія даюцца ў форме правілаў, прыёмаў адрознення і ўжывання адзінак мовы, моўных канструкцый, і рэкамендацыі па функцыянаванні мовы ў моўных зносінах.

5. Камунікатыўная культура малодшых школьнікаў на першапачатковым этапе навучання беларускай мове найперш праяўляецца ў нарматыўнай дакладнасці мовы малодшых школьнікаў, якая ўключае захаванне нормаў вымаўлення, націску, слова- і формаўжывання, пабудовы словазлучэнняў, сказаў, тэкстаў. Крытэрыі дакладнасці мовы – яе незасмечанасць нелітаратурнымі элементамі (дыялектнымі словамі, прастамоўнай лексікай, канцылярытамі, квазі-словамі, моўнымі штампамі і інш.), граматычная ўпарадкаванасць, дарэчнасць выкарыстання моўных сродкаў у канкрэтнай сітуацыі моўных зносін, захаванне пачуцця мэтазгоднасці і пэўнасці. У шырокім жа сэнсе слова камунікатыўная культура асобы – гэта не толькі пералічаныя якасці, але і багацце слоўніка, граматычная ўпарадкаванасць мовы, яе мастацкая выразнасць, лагічнасць.

6. Механізмы рэалізацыі камунікатыўнай накіраванасці навучання малодшых школьнікаў беларускай мове абумоўлены адзінствам форм і функцый зносін паміж людзьмі, паслядоўнасцю моўнага прагрэсу. Відавочна, што няма ніводнай граматычнай і лексічнай катэгорыі, якая б не суадносілася з рэчаіснасцю, таму мова ўяўляе сабой сістэму прыёмаў мыслення, сістэму пазнання, сістэму стварэння эстэтычных і маральных ідэалаў.

7. Росквіту агульначалавечых каштоўнасцей дапамагае якраз раскрыццё культурнага патэнцыялу роднай мовы. Родная мова захоўвае адметнасць развіцця культуры, абумоўленай ”нацыянальным мысленнем“, асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця і сваёй самабытнасцю. Родная мова вызначаецца здольнасцю да вырашэння камунікатыўнах задач. Яе значнасць праяўляецца тады, калі моўная дзейнасць звязваецца з творчым вопытам, пошукам новых шляхоў і сродкаў раскрыцця свету, пазнання жыцця, чалавека. Родная мова сваімі сродкамі вызначае шляхі засваення і абагульнення самага важнага і істотнага для людзей. Родная мова імкнецца адшукаць, вынайсці новыя формы і сродкі, якімі можна перадаць усе з’явы рэчаіснасці. Галоўнае ў тым, каб роднай мовай усе валодалі.

8. Функцыянаванне беларускай мовы як роднай у значнай ступені накіравана на выказванне нямоўнага зместу, агульнага сэнсу. Хутчэй за ўсе культуралагічны аспект мовы адносіцца да плана зместу, бо справа не столькі ў прыёмах выказвання, выкарыстанні моўных сродкаў, сколькі ў змесце выказвання, г.зн. у сукупнаці заключаных у элементах мовы лексічных і граматычных значэнняў. Зместам роднай мовы З’яўляюцца тыя ідэі, якія з дапамогай яе атрымліваюць матэрыяльнае выражэнне.

9. Пры мадэрнізацыі працэсу навучання беларускай мове як другой у пачатковых класах неабходна абапірацца на магчымасці сучаснага моўнаадукацыйнага асяроддзя, якое ўяўляе сабой адзінства паміж знешнімі матэрыяльнымі паказчыкамі знакавых элементаў мовы і фактамі нямоўнай рэчаіснасці, якія стаяць за імі. Моўнаадукацыйнае асяроддзе ў Беларусі прадугледжвае існаванне беларускай мовы як роднай і рускай мовы як другой, што ў сваю чаргу павінна садзейнічаць развіццю і ўзмацненню адукацыйнага і агульнаакультурнага патэнцыялу вучняў.

10. У моўнаадукацыйным асяроддзі адбываецца ўзаемадзеянне моўцы, навучальнага працэсу і сацыякультурнай прасторы, таму можна выдзеліць наступныя яго ўзроўні:

– узровень моўцы (выбар мовы зносін, мовы навучання);

– узровень навучальнага працэсу (вызначэнне патрабаванняў да навучання роднай і другой мове, захаванне нацыянальных культурных традыцый);

– грамадска-дзяржаўны ўзровень (моўная палітыка дзяржавы, функцыянаванне беларускай і рускай моў ва ўсіх сферах дзейнасці, сацыяльны заказ на беларускую або рускую мову навучання).

11. Сітуацыя функцыянавання блізкароднаснага двухмоўя, абумоўленага падабенствам фанетычнага, лексічнага і граматычнага ладу моў, з аднаго боку, садзейнічае агульнаму разуменню другой мовы, а з другога – патрабуе ад носьбіта мовы размежавання моўных сродкаў, агульнага культуралагічнага сэнсу выказвання. У дадзеным выпадку варта сказаць пра ролю другой блізкароднаснай мовы як стымулюючага фактару ў пошуках новых значэнняў у розных культурамоўных сітуацыях. Неабходна пераасэнсаваць культуралагічную сутнасць блізкароднаснай мовы, традыцыйна звязаную ў ІІ–IV класах толькі з матэрыяльнымі яе паказчыкамі, паставіць яе ў больш шырокі кантэкст, які датычыць ролі семантычных структур у фарміраванні камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў.

12. Моўнакамунікатыўную культуру малодшых школьнікаў варта суадносіць не толькі са знешнім праяўленнем блізкароднасных моў, але і з унутранным зместам паняційных планаў кожнай мовы, якія выкарыстоўваюцца для вырашэння камунікатыўных задач. Для роднай мовы характэрны паняційна-эквівалентныя ўтварэнні, якія ўзнікаюць у працэсе моўнай камунікацыі на аснове адэкватнага адлюстравання грамадска-культурных значэнняў. Зместавы бок другой мовыі выходзіць за межы ўнутрымоўных значэнняў, што вызначае надзейнасць моўнай камунікацыі ў пэўных умовах.

13. Звычайна не абмяркоўваецца пытанне аб камунікатыўнай вартасці і эфектыўнасці роднай мовы, але моўная сітуацыя, жыццёвыя абставіны змушаюць нагадваць аб гэтым. З пункта погляду камунікатыўнай культуры адносіны да беларускацй мовы як роднай вызначаюцца значнасцю і дастатковасцю яе семантычнай сістэмы для захоўвання і перадачы інфармацыі, класіфікацыйнай характарыстыкі, узроўнем складанасці і развіцця катэгорый, ступенню нармаванасці і кадыфікацыі, трываласцю моўных традыцый і інш. Пераканаўчых адказаў пакуль нельга даць на пытанні дасканаласці камунікатыўнай культуры, яе развітасці, багацці, яе адносін да культуры асобы ўвогуле. Патрабуе дэталёвай распрацоўкі праблема абсалютнага і адноснага прагрэсу ў развіцці моўнакамунікатыўнай культуры асобы, пачынаючы з першых дзён мэтанакіраванага навучання.

14. Авалоданне малодшымі школьнікамі літаратурнай мовай з’яўляецца кантралюемым працэсам, пры якім ідзе засваенне ўсяго багацця моўных форм. Беларуская мова выконвае шырокія функцыі сродку зносін (знешняя універсалізацыя); яна адкладвае ў сабе, у сваім плане зместу і часткова плане выражэння нацыянальную спецыфіку (унутранная універсалізацыя). Развіццё моўна-камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў будзе паспяховым, калі ісці па шляху ўспрымання, засваення ў яе формах культурных дасягненняў беларускага народа.

 

 

 

2. Мэта і задачы навучання беларускай мове

 

Беларуская мова з’яўляецца важнейшым сродкам адназначнай намінацыі чалавечых рэалій, мысліцельных катэгорый, сродкам фарміравання і выпрацоўкі ”культурнай семантыкі“. У сістэме агульнай сярэдняй адукацыі вучэбны прадмет ”Беларуская мова“ займае вядучае становішча. Ён звязаны з іншымі прадметамі, таму што з’яўляецца не толькі прадметам вывучэння, але і сродкам навучання. Навучанне беларускай мове ў ІІ–IV класах прыводзіць у дзеянне патэнцыяльныя здольнасці вучняў да засваення самабытных і эфектыўных спосабаў выражэння думак і пачуццяў, далучае іх да культурных каштоўнасцей, фарміруе маральныя якасці асобы.

Як вучэбны прадмет беларуская мова ў ІІ–IV класах выконвае адукацыйную, камунікатыўную, развіццёвую і выхаваўчую функцыі. Адукацыйная функцыя заключаецца ў забеспячэнні пазнаваўчых інтарэсаў вучняў аб сістэме мовы, моўных адзінках і іх функцыянаванні, аб сутнасці мовы як з’явы рэчаіснасці. Беларуская мова – прадмет вывучэння ў школе – становіцца для вучняў мовай беларускай і сусветнай культуры, мовай культурных людзей.

Камунікатыўная функцыя звязана з ужываннем вуснай і пісьмовай мовы ў працэсе зносін паміж людзьмі ў розных моўных сітуацыях, з культурай моўных паводзін, з навучаннем правільнаму ўжыванню моўных сродкаў з мэтай рэалізацыі камунікатыўных задач. Сучасная беларуская мова паспяхова выконвае сваё прызначэнне, яна з’яўляецца мовай пісьмовай культуры, жывой мовай культурных людзей, сродкам паўсядзённых зносін. На беларускай мове як роднай ствараюцца мастацкія творы і навуковыя працы, гэта мова тэатра, школы, газет і часопісаў, радыё і тэлебачання, гэта мова інфармавання і ўстанаўлення кантактаў паміж людзьмі Такую ж ролю выконвае беларуская мова як другая ў школах з рускай мовай навучання. Акрамя таго ў працэсе ўзаемадзеяння дзвюх моў адбываецца ўзаемапранікненне і ўзаемаўзбагачэнне нацыянальных культур беларускага і рускага народаў. Беларуская мова як другая ў школах з рускай мовай навучання ўжываецца ў якасці дынамічнага сродку зносін, здольнага перадаваць самыя глыбокія думкі, шчырыя пачуцці, якія ўзнікаюць у рускамоўным асяроддзі.

Развіццёвая функцыя вучэбнага прадмета найперш характарызуецца актывізацыяй моўных дзеянняў вучняў, на аснове якіях развіваецца моўнае чуццё, мыследзейнасныя працэсы, агульнавучэбныя ўменні і навыкі, неабходныя для рэалізацыі культурнага патэнцыялу асобы.

Выхаваўчая функцыя беларускай мовы абумоўлена яе культурнай самакаштоўнасцюяк сродку стварэння і захавання культурнага вопыту беларускага народа, сродку далучэння да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, сродку фарміравання маральных якасцей чалавека, які валодае мовай і праз яе пазнае свет, узаемаадносіны паміж людзьмі.

Мэта вучэбнага прадмета ”Беларуская мова“ ў ІІ–IV класах – авалоданне вучнямі функцыянальнымі сродкамі беларускай мовы для эфектыўнага іх выкарыстання ў розных сітуацыях моўных зносін. Блізкасць і дасканаласць сістэм беларускай і рускай моў, іх аўтарытэт і распаўсюджанасць дазваляюць у роўнай ступені выкарыстоўваць кожную ў якасці камунікатыўнага сродку, сродку агульнай адукацыі і фарміравання культурных якасцей асобы.

Задачы навучання беларускай мове ў ІІ–IV класах:

  • фарміраванне пазнаваўчай актыўнасці вучняў, іх маральных, этычных і эстэтычных якасцей у працэсе вывучэння роднай мовы;
  • асэнсаванне беларускай мовы як нацыянальнай культурнай каштоўнасці;
  • фарміраванне пачуццёва-вобразнага ўспрымання беларускай мовы і ўмення адрозніваць яе ад рускай мовы;
  • пашырэнне сферы ўжывання беларускай мовы як другой у рускамоўным асяроддзі;
  • асэнсаванне тэксту, сказа, слова і гука як моўных адзінак;
  • засваенне фанетычных, лексічных і граматычных ведаў;
  • фарміраванне камунікатыўнай культуры малодшых школьнікаў;
  • развіццё практычных уменняў і навыкаў выкарыстання беларускай мовы ва ўсіх відах моўнай дзейнасці;
  • узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў, засваенне вымаўленчых нормаў, правілаў правапісу;
  • фарміраванне асэнсаванага ўспрымання вучнямі беларускай літаратурнай мовы як сродка замацавання культурных традыцый, маральных каштоўнасцей грамадства;
  • фарміраванне ў вучняў пачуцця прыгажосці, мілагучнасці, выразнасці, эстэтычнай вартасці беларускай мовы;
  • засваенне вучнямі правілаў моўнага этыкету;
  • развіццё творчых здольнасцей вучняў пры стварэнні ўласных вусных і пісьмовых выказванняў;
  • авалоданне каліграфічнымі навыкамі.

 

 

 

3. Падыходы і прынцыпы навучання беларускай мове

 

Функцыянальна-дзейнасны падыходадлюстроўвае ўнутранную сутнасць мовы як складанага сістэмнага ўзаемадзеяння элементаў розных узроўняў у працэсе іх функцыянавання. Дадзены падыход вызначае адносіны паміж значэннем моўных адзінак і іх функцыянаваннем у мове ў якасці камунікатыўных сродкаў.

Камунікатыўна-дзейнасны падыход прадвызначае працэс навучання беларускай мове ва ўмовах яго набліжанасці да рэальнай моўнай сітуацыі. З пазіцыі гэтага падыходу ў цэнтры ўвагі знаходзяцца моўныя дзеянні вучняў і камунікатыўныя сродкі, якія выкарыстоўваюцца ў розных сітуацыях моўных зносін.

Моўнакультуралагічны падыход да навучання беларускай мове накіраваны на вырашэнне задач маральнага, патрыятычнага і эстэтычнага выхавання малодшых школьнікаў на аснове ўзаемадзеяння беларускай мовы і нацыянальных культурных традыцый, літаратуры і мастацтва. Гэты падыход прадугледжвае авалоданне вучнямі спосабамі выражэння культурных каштоўнасцей у працэсе моўных зносін.

Адукацыйнаасяродкавы падыход акцэнтуе ўвагу на сітуацыі блізкароднаснага двухмо’я і надае ў гэтых умовах шырокія магчымасці для рэалізацыі адукацыйнага патэнцыялу беларускай мовы, што адпавядае гуманістычнай адукацыйнай парадыгме.

Навучанне беларускай мове ў пачатковых класах абумоўлена важнейшымі сістэмаўтваральнымі прынцыпамі:

прынцып пачуццёва-вобразнага ўспрымання моўнай рэчаіснасці якбазавыметадычны прынцып, які ўлічвае галоўную заканамернасць засваення мовы – суадноснасць рэальнага гучання і значэння моўных адзінак;

сістэмна-функцыянальны прынцып забяспечвае правільнае ўжыванне вучнямі моўных адзінак розных узроўняў з пункта погляду значэння, структурных асаблівасцей і функцыянальных уласцівасцей;

камунікатыўны прынцып, які забяспечвае фарміраванне ў малодшых школьнікаў уменняў ажыццяўляць моўныя дзеянні ў рэальных абставінах моўных зносін;

моўнадыдактычныпрынцып рэалізуе функцыянальна-дзейнасны падыход да навучання беларускай мове, які прадугледжвае авалоданне агульнавучэбнымі ўменнямі: аналізаваць прачытанае, засвойваць новыя звесткі, абагульняць, вызначаць сувязі, падбіраць патрэбны матэрыял, ствараць тэксты, разважаць, даваць ацэнку, прымяняць веды і ўменні на практыцы.

дыферэнцыяльна-сістэматычны прынцып засваення беларускай мовы як другой у школах з рускай мовай навучання прадугледжвае яе сістэмнае вывучэнне з апорай на родную мову, на тыя факты, якія супадаюць або не супадаюць у рускай і беларускай мовах.

У аснове адбору зместу навучання беларускай мове ў ІІ–IV класах ляжыць моўнацэнтрычны пранцып, які дазваляе арганізаваць працу вучняў на канкрэтным моўным матэрыяле для фарміравання ведаў пра моўныя адзінкі і іх функцыянальныя асаблівасці, уменняў, якія неабходны для актыўных моўных дзеянняў і развіцця культуры моўных зносін.

Навучанне малодшых школьнікаў беларускай мове мае практычную накіраванасць. Гэта забяспечваецца за кошт зместу і структуры вучэбнага матэрыялу, які размешчаны па асноўных раздзелах: ”Тэкст“, ”Сказ“, ”Слова“, ”Гукі мовы і літары“. Раздзел ”Гукі мовы і літары“ даецца ў другім класе ў поўным аб’ёме, астатнія разглядаюцца па лінейна-канцэнтрычным прынцыпе ў кожным класе, што дазваляе асэнсоўваць моўныя з’явы ва ўзаемасувязі з моўнымі дзеяннямі. Вывучэнне кожнага раздзела накіравана на фарміраванне ў вучняў агульных паняццяў аб моўных фактах, развіццё практычных уменняў вычляняць моўныя адзінкі на аснове засваення іх асаблівасцей функцыянавання.

Змест навучання беларускай мове як другой вызначаецца тэматычным або сітуатыўным і функцыянальна семантычным прынцыпамі. Першы з іх прадугледжвае адбор тэм або моўных сітуацый для актывізацыі маўлення на беларускай мове на першапачатковым этапе навучання. Дзеянне функцыянальна-семантычнага прынцыпу абумоўлена асаблівасцямі фактаў моўнай сістэмы, якія даюцца для вывучэння.

 

 

 

4. Змест і структура навучання беларускай мове

 

У змест вучэбнага прадмета ”Беларуская мова“ ўключаецца наступны матэрыял:

– агульныя звесткі аб беларускай мове, формах яе існавання і сферах ужывання;

– веды аб сістэме моўных адзінак і заканамернасцях іх функцыянавання;

– моўныя і агульнавучэбныя ўменні і навыкі;

– камунікатыўныя ўменні і навыкі;

– уменні і навыкі ў розных відах моўнай дзейнасці;

– уменне выкарыстоўваць лексічныя, граматычныя і выразныя сродкі беларускай мовы пры стварэнні ўласных выказванняў;

– - веды аб моўнай этыцы;

– веды аб культурнай і эстэтычнай самакаштоўнасці беларускай мовы.

Структура зместу навучання беларускай мове ў пачатковых класах складаецца з наступных раздзелаў: ”Родная мова“, ”Тэкст“, ”Сказ“, ”Слова“, ”Гукі і літары мовы“. У школах з рускай мовай навучання у структуру зместу ўключаны раздзел ”Падрыхтоўчы вусны курс“, які вывучаецца ў першым класе. Ён накіраваны на фарміраванне ўменняў успрымаць беларускую мову і выкарыстоўваць яе ў моўных зносінах.

Раздзел ”Родная мова“ мае накіраванасць на фарміраванне ў вучняў устойлівай ўвагі да беларускай мовы. Вучням раскрываюцца асаблівасці вуснай і пісьмовай мовы, асноўныя яе функцыі, даюцца некаторыя правілы моўнага этыкету.

Вывучэнне раздзела ”Тэкст“ у кожным класе забяспечвае вучняў неабходнымі ведамі і ўменнямі для актыўных моўных дзеянняў, асэнсавання моўных з’яў на тэкставай аснове, стварэння тэкстаў з улікам рэальных моўных абставін. Асаблівасцю вывучэння тэксту з’яўляецца тое, што ён разглядаецца як вынік моўнай дзейнасці. Дзеці могуць перабудаваць гатовы тэкст, пераказаць яго, падзяліць на часткі і вызначаць іх унутранную сувязь, скласці план тэксту. Пры стварэнні ўласнага тэксту важна звяртаць увагу дзяцей на адпаведнасць фактычнага матэрыялу тэме і задуме выказвання.

Абагульненыя звесткі пра тэкст маюць практычную накіраванасць, якой прадугледжваецца: 1) удакладненне ўяўленняў вучняў пра тэкст як адзінку выказвання, якая звычайна складаецца з некалькіх сказаў, звязаных паміж сабой па сэнсе; 2) фарміраванне ўмення адрозніваць апавядальныя і апісальныя тэксты, а таксама практычнае азнаямленне з тэкстам-разважаннем; 3) пераказ і стварэнне ўласных тэкстаў розных тыпаў.

Пры вывучэнні раздзела ”Сказ“ дзеці засвойваюць сказ як асноўную камунікатыўную адзінку мовы, вучацца вызначаць граматычную аснову сказа, устанаўліваць сувязь паміж словамі ў сказе, ужываць сказы з аднароднымі членамі, знаёмяцца з рознымі па мэце выказвання сказамі (апавядальнымі, пытальнымі і пабуджальнымі), іх інтанацыяй, знакамі прыпынку ў канцы сказаў.

Раздзел ”Слова“ змяшчае звесткі пра слова як лексічную адзінку мовы, як назву таго, што можа быць прадметам думкі. У вучняў фарміруюцца ўяўленні пра лексічнае значэнне слова, састаў слова і падзел слоў на часціны мовы. Прадугледжваецца азнаямленне вучняў з мнагазначнымі словамі, ужываннем слоў у прамым і пераносным значэннях, словамі з блізкім і супрацьлеглым значэннем.

Вывучэнне слова звязана з вызначэннем яго лексічнага значэння, устанаўленнем марфалагічнай будовы і аднясеннем слова да часціны мовы. З улікам важнасці ведаў пра састаў слова для развіцця маўлення вучняў і іх арфаграфічнай пісьменнасці, прадугледжана вывучэнне значымых частак слова, падбор аднакаранёвых (роднасных) слоў, а таксама ўтварэнне слоў пры дапамозе прыставак і суфіксаў.

У ІІ–IV класах вучні знаёмяцца з часцінамі мовы, вучацца праводзіць элементарны марфалагічны разбор назоўніка, прыметніка, займенніка, дзеяслова і прыслоў’я.

Для фарміравання арфаграфічных уменняў і навыкаў асаблівае значэнне мае знаёмства вучняў на практычным узроўні са змяненнем назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў. Дзеці вучацца ўжываць прыслоўі і службовыя словы ў сказах.

Раздзел ”Гукі мовы. Літары“ вырашае задачы ўдасканалення фанетычных і графічных уменняў і навыкаў малодшых школьнікаў. Пры вывучэнні раздзела даецца агульнае паняцце аб гукавым саставе слова, ролі галосных і зычных гукаў у слове, удасканальваюцца правапісныя ўменні, якія звязаны з напісаннем галосных у ненаціскным становішчы, абазначэннем цвёрдых і мяккіх, звонкіх і глухіх, падоўжаных зычных на пісьме. Дзеці вучацца правільна называць літары алфавіта і карыстацца ім, суадносіць у словах гукі і літары.

Факультатыўныя заняткі па беларускай мове складаюцца з ўлікам індывідуальных асаблівасцей і здольнасцей вучняў, забеспячэння іх інтарэсаў і патрэбнасцей у актыўнай творчай моўнай дзейнасці, якая звязана з самаўдасканаленнем моўнай культуры, моўных паводзін, пашырэннем сферы ўжывання беларускай мовы, авалоданнем яе багацейшымі выяўленчымі рэсурсамі, сродкамі выразнасці. Факультатыўныя заняткі з’яўляюцца дадатковымі да зместу вучэбнага прадмета, але не дубліруюць яго. Для вучняў ІІ–IV класаў прапануюцца факультатывы ”Беларускае красамоўства: мова ветлівасці“ (ІІ кл.), ”Беларускае красамоўства: выразная мова“ (ІІІ кл.), ”Беларускае красамоўства: беларуская мова ў паўсядзённым ужытку” (IV кл.)

 

 

 

5. Вучэбна-метадычнае забеспячэнне працэсу навучання беларускай мове

 

З мэтай рэалізацыі канцэптуальных палажэнняў вучэбнага прадмета ”Беларуская мова“ распрацаваны адукацыйныя стандарты, вучэбныя праграмы, вучэбна-метадычныя комплексы для школ з беларускай і рускай мовай навучання.

Адукацыйным стандартам вызначаецца мэта, структура і аб’ём зместу вучэбнага прадмета ”Беларуская мова“ на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў агульнаадукацыйных установах (класах) з беларускай і рускай мовамі навучання, устанаўліваюцца патрабаваннi да аб’ёму вучэбнай нагрузкi, узроўню падрыхтоўкi вучняў па беларускай мове. Адукацыйны стандарт абавязковы для прымянення ў агульнаадукацыйных навучальных установах, ва ўстановах, якія рыхтуюць і праводзяць павышэнне квалiфiкацыi настаўнікаў пачатковых класаў.

Вучэбнымі праграмамі па беларускай мове для ІІ–IV класаў вызначаецца аб’ём вучэбных гадзін у кожным класе, змест і структура вучэбнага матэрыялу, патрабаванні да ведаў, уменняў і навыкаў вучняў.

Вучэбна-метадычныя комплексы па беларускай мове распрацоўваюцца для школ з беларускай і рускай мовамі навучання і ўключаюць падручнікі, рабочыя сшыткі на друкаванай аснове, вучэбна- метадычныя дапаможнікі як абавязковыя для выкарыстання на занятках, а таксама зборнікі пераказаў і дыктантаў, вучэбныя табліцы, дыдактычныя матэрыялы, электронныя сродкі навучання, праграмы і вучэбна-метадычныя дапаможнікі для факультатыўных заняткаў.