Разделы сайта

Главная

Канцэпцыя вучэбнага прадмета "Літаратурная чытанне" (з беларускай мовай навучання)

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

ад 29.05.2009 № 675

 

 

 

КАНЦЭПЦЫЯ

вучэбнага прадмета ”Літаратурнае чытанне“

 

I ступень агульнай сярэдняй адукацыі

(для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай мовай навучання)

 

 

Уводзіны

У сістэме адзінай непарыўнай літаратурнай адукацыі школьнікаў ”Літаратурнае чытанне“ разглядаецца як яе пачатковы этап. Вучэбны прадмет прызначаны ўвесці малодшых школьнікаў у свет мастацкай літаратуры, абудзіць цікавасць да кніг і чытання, закласці асновы чытацкай культуры і чытацкай самастойнасці.

На I ступені агульнай сярэдняй адукацыі літаратурнаму чытанню належыць вядучая роля. Гэта абумоўлена важнасцю задач, якія на ім вырашаюцца.

Чытанне з'яўляецца не толькі прадметам навучання, але і сродкам уваходжання вучняў ў свет мастацкай літаратуры, універсальным сродкам іх дзейнасці па авалоданні сістэмай паняццяў, якія складаюць змест усіх навучальных дысцыплін. За кошт авалодання ўменнем чытаць і пісаць вучні набываюць здольнасць лепш разумець людзей, прыроду, усю навакольную рэчаіснасць, больш выразна і дакладна выказваць уласныя пачуцці і думкі. У працэсе сталення вучняў чытанне становіцца крыніцай і сродкам іх самаадукацыі і самавыхавання.

На ўроках літаратурнага чытання паступова ствараецца духоўны набытак дзіцяці як прадстаўніка свайго народа, носьбіта нацыянальнай культуры, яе абаронцы і ўзбагачальніка. У малодшых школьнікаў абуджаецца цікавасць да агульначалавечых каштоўнасцей, асэнсоўваюцца і засвойваюцца іх асновы.

Літаратурнае чытанне з'яўляецца неабходнай састаўной часткай маўленчай дзейнасці вучняў, выконвае найважнейшую камунікатыўную функцыю, служыць дзейсным сродкам сацыялізацыі, выхавання і развіцця асобы.

”Літаратурнаму чытанню“ належыць эстэтычная функцыя фарміравання эмацыянальна-пачуццёвай сферы, узнаўляючага ўяўлення, вобразнага мыслення вучняў, паколькі аб’ектам чытання з’яўляецца мастацкі твор, які пабудаваны па законах мастацтва. У працэсе эмацыянальна-вобразнага ўспрымання мастацкіх тэкстаў адбываецца развіццё маральна-эстэтычных уяўленняў дзяцей, выхоўваецца культура пачуццяў.

Маральна-эстэтычны патэнцыял літаратуры дазваляе рэалізаваць выхаваўчую функцыю і ажыццяўляць грамадзянскае і маральна-эстэтычнае выхаванне малодшых школьнікаў.

”Літаратурнае чытанне“ належыць да дысцыплін эстэтычнага цыклу, паколькі прадметам вывучэння ў ім з’яўляюцца не веды самі па сабе, а творы мастацтва слова і спосабы літаратурна-творчай дзейнасці. Змест прадмета забяспечвае вобразнае спасціжэнне свету, фарміраванне эмацыянальна-каштоўнасных адносін, назапашванне вопыту творчай дзейнасці.

 

 

 

1. Зыходныя метадалагічныя пасылкі пабудовы зместу навучання

 

Змест пачатковай літаратурнай адукацыі грунтуецца на метадалагічных пазіцыях, якія звязаны з рэалізацыяй сістэмнага, культуралагічнага, асобаснага і дзейнаснага падыходаў. Метадалагічнай основай прадмета з’яўляецца таксама гуманістычная канцэпцыя літаратурнай адукацыі, якая арыентуе на засваенне духоўных і маральных агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей.

Пабудова зместу навучання з улікам сістэмнага падыходу дазваляе разглядаць змест у выглядзе сістэмы (цэласнасці), асобасныя кампанеты якой знаходзяцца ва ўзаемасувязі. Сістэмны падыход патрабуе адзінства ўсіх кампанентаў зместу, сувязей паміж яго кампанентамі і функцый, якія яны выконваюць у сістэме зносін.

Асобасны падыход акцэнтуе ўвагу на прызнанне ўнікальнасці асобы, яе правоў на ўласную пазіцыю, павагу; арыентуе на стварэнне ўмоў для паўнавартаснага праяўлення і развіцця якасцей асобы, уліку інтарэсаў, індывідуальных асаблівасцей і здольнасцей вучняў.

Дзейнасны падыход вызначае такую накіраванасць зместу навучання, пры якой засваенне яго адбываецца шляхам фарміравання ўсіх структурных кампанентаў чытацкай, маўленчай і пазнавальнай дзейнасці, і вучань разглядаецца як суб’ект дзейнасці і зносін.

Пабудова зместу навучання у адпаведнасці з культуралагічным падыходам садзейнічае пашырэнню культурных асноў зместу, ажыццяўленню нацыянальна-культурнай сацыялізацыі вучняў, арыентацыі на засваенне нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі, станаўленню асобаснай культуры.

Пабудова зместу навучання падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы зместу адукацыі ў 11-гадовай школе: культураадпаведнасці, прадуктыўнасці, гуманізацыі, аптымізацыі, дыферэнцыяцыі, свядомасці і актыўнасці вучняў, прыродаадпаведнасці і індывідуалізацыі, пераемнасці адукацыі і інш.

 

 

 

2. Мэты і задачы вучэбнага прадмета

 

Мэты вучэбнага прадмета – шляхам чытання і разумення сэнсу літаратурных твораў далучыць малодшага школьніка да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей, сфарміраваць яго як культурнага чытача, які выказвае цікавасць да кніг і чытання, праяўляе грамадзянскія, маральныя, эстэтычныя пачуцці і творчую актыўнасць; валодае трывалымі ўменнямі і навыкамі чытання, спосабамі самастойнай працы з літаратурным тэкстам і дзіцячай кнігай.

Асноўныя задачы прадмета:

– фарміраванне вобразных уяўленняў аб навакольным свеце, адносін да жыццёвых з’яў, каштоўнасных арыентацый вучняў;

– далучэнне да нацыянальна-культурнай спадчыны; выхаванне сродкамі чытання грамадзянскіх, духоўных і эстэтычных пачуццяў;

– развіццё эмацыянальна-пачуццёвай сферы, вобразнага і крытычнага мыслення, літаратурна-творчых здольнасцей вучняў;

– развіццё цікавасці да чытання, пашырэнне кола чытання малодшых школьнікаў, іх начытанасці;

– навучанне правільнаму, усвядомленаму, выразнаму чытанню ўголас ў адпаведнасці з нормамі літаратурнага вымаўлення; самастойнаму чытанню моўчкі (сам сабе);

– фарміраванне сістэмы чытацкіх уменняў і літаратурных уяўленняў вучняў, неабходных для паўнавартаснага ўспрымання літаратуры як мастацтва слова і разумення мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў;

– фарміраванне маўленчай дзейнасці вучняў, узбагачэнне і пашырэнне іх слоўніка.

Мэты і задачы навучання літаратурнаму чытанню вызначылі асноўныя змястоўныя лініі прадмета:

– асваенне базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры;

– авалоданне навыкам чытання;

– авалоданне ўменнем выразнага чытання;

– авалоданне чытацкімі ўменнямі, літаратурнымі ўяўленнямі і ведамі;

– назапашванне ведаў аб літаратуры як мастацтве слова;

–       ажыццяўленне літаратурна-творчай дзейнасці на падставе прачытанага;

–       работа з дзіцячай кнігай.

У якасці вядучых кампанентаў зместу навучання выступаюць:

-       прадметныя веды (літаратуразнаўчыя веды і ўяўленні);

-       спосабы дзейнасці (чытацкія і маўленчыя ўменні);

-       мастацкае пазнанне рэчаіснасці;

-       вопыт літаратурна-творчай і мастацка-маўленчай дзейнасці;

-       кола маральна-эстэтычных каштоўнасцей.

 

 

 

 

3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі канструявання

 зместу навучання

 

У аснову адбору зместу і сістэматызацыі навучальнага матэрыялу, метадаў і прыёмаў арганізацыі чытацкай дзейнасці вучняў пакладзены наступныя прынцыпы: культураадпаведнасці, мастацка-эстэтычны, літаратуразнаўчы, камунікатыўна-маўленчы, уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры малодшымі школьнікамі; практычнай накіраванасці і творчага характару навучання, прынцып пераемнасці і перспектыўнасці.

Прынцып культураадпаведнасці вызначае накіраванасць зместу літаратурнай адукацыі не толькі на засваенне кагнетыўных (пазнавальных) каштоўнасцей, але і на прысваенне культурных, духоўных і маральных каштоўнасцей, якія замацаваны ў мове і змесце мастацкага твора.

Мастацка-эстэтычны прынцып вызначае стратэгію адбору літаратурных твораў для чытання. Матэрыялам для чытання павінны быць творы высокай мастацкай вартасці, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання і складаюць залаты фонд дзіцячай літаратуры. Улік дадзенага прынцыпу ў методыцы выкладання забяспечвае погляд на мастацкі тэкст як на твор слоўнага мастацтва.

Літаратуразнаўчы прынцып вызначае вобласці літаратурнай творчасці, якія прызначаны для вывучэння, – фальклор, класіка, сучасная і замежная дзіцячая літаратура, а таксама асноўныя літаратурныя жанры. Дадзены прынцып рэалізуецца ў методыцы аналізу мастацкага твора. Ён патрабуе дыферэнцыраванага падыходу да твораў розных жанраў, вывучэнне твора ў адзінстве зместу і формы.

Камунікатыўна-маўленчы прынцып арыентуе на фарміраванне і развіццё ў вучняў маўленчых уменняў і навыкаў чытання, слухання, гаварэння і абагульнення. На матэрыяле чытання пашыраецца і ўзбагачаецца слоўнікавы запас вучняў, фарміруюцца ўменні звязнага выкладання думак, засвойваецца літаратурная і маўленчая норма, развіваецца культура маўлення, культура суразмоўніцтва паміж настаўнікам і вучнямі.

Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры малодшымі школьнікамі вызначае кола чытання вучняў (разнастайныя па тэматыцы і жанрах творы з дынамічным сюжэтам, эмацыянальныя, яркія па форме); узровень патрабаванняў да аб’ёму ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па літаратурным чытанні; характар чытацкіх уменняў, а таксама літаратуразнаўчых уяўленняў малодшых школьнікаў; падыходы да аналізу мастацкага твора, структуры ўрока чытання.

Прынцып практычнай накіраванасці арыентуе на падрыхтоўку школьнікаў да рэальнага жыцця ў грамадстве. Фарміраванне чытацкай, маўленчай і камунікатыўнай культуры – неабходная ўмова сацыялізацыі школьнікаў.

Прынцып творчага навучання прадугледжвае выхаванне чытача, які здольны выказваць уласную думку аб прачытанным творы; уключэнне вучняў у самастойную літаратурна-творчую дзейнасць; творчы падыход да формаў і метадаў працэсу навучання літаратурнаму чытанню.

Прынцып пераемнасці і перспектыўнасці ў змесце літаратурнай адукацыі з дашкольным і сярэднім ступенямі сістэмы непарыўнай адукацыі забяспечвае сувязь і ўзгодненасцькожнагакампанента педагагічнай сістэмы адукацыі (мэтаў, задач, зместу, форм і метадаў навучання).

 

 

 

4. Структура і змест вучэбнага прадмета

 

У літаратурным чытанні неабходна ўмоўна адрозніваць два перыяды: падрыхтоўчы і асноўны. Другі год навучання нельга аднесці да асноўнага перыяду, паколькі ў другакласнікаў не сфарміраваны спосаб чытання тэксту цэлымі словамі і беглы тэмп чытання. На думку вучоных бар’ер мінімальнай хуткасці чытання, без якой немагчыма ўключыцца паўнацэнна ў чытацкую і вучэбную дзейнасць, складае не менш 60 слоў у мінуту. У другім класе акцэнтуецца ўвага на развіццё навыкаў чытання і вуснага маўлення. У трэцім і чацвёртым класах (асноўны перыяд) галоўным становіцца мастацкі твор, яго мастацкія асаблівасці, чытацкая культура школьніка.

Структура прадмета ”Літаратурнае чытанне“ характарызуецца наяўнасцю ўрокаў класнага і пазакласнага чытання. Пазакласнае чытанне з’яўляецца састаўной часткай вучэбнага прадмета ”Літаратурнае чытанне“. Мэта пазакласнага чытання – пашырэнне чытацкага кругагляду вучняў, фарміраванне чытацкай самастойнасці, прывіццё цікавасці да чытання кніг, часопісаў, газет, выхаванне актыўных чытачоў. На ўроках пазакласнага чытання дзеці атрымліваюць веды аб элементах кнігі: вокладцы, пераплёце, тытульным лісце, форзацы, змесце, прадмове, пасляслоўі, анатацыі, ілюстрацыі; пачатковае ўяўленне аб каталагу, рэкамендацыйных указальніках для чытання; уяўленні аб перыёдыцы (дзіцячых газетах і часопісах).

Аб’ектам вывучэння вучэбнага прадмета ”Літаратурнае чытанне“ з’яўляюцца перш за ўсё мастацкія творы беларускай, рускай, замежнай дзіцячай літаратуры, а таксама творы класічнай літаратуры, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання. Прыярытэт аддаецца беларускай літаратуры. Разам з мастацкімі творамі з розных абласцей літаратурнай творчасці (фальклор, класіка, сучасная і замежная дзіцячая літаратура) у праграму ўключаецца для вывучэння навукова-мастацкія і навукова-пазнавальныя тэксты.

У адпаведнасці з узроставымі магчымасцямі вучні атрымліваюць элементарныя веды з вобласці літаратуразнаўства на практычным узроўні, або ўзроўні ўяўленняў, якія неабходныя для засваення літаратуры як мастацтва слова і якія з’яўляюцца сродкам рашэння творчых задач, а таксама абслугоўваюць самастойную творчую працу маленькіх чытачоў.

Малодшыя школьнікі практычна засвойваюць значэнні такіх слоў як ”аўтар (пісьменнік, паэт)“, ”тэма“, ”галоўная думка“, ”падзея, сувязь падзей“, ”кампазіцыя“, ”герой (дзеючая асоба, персанаж)“, ”учынак“, ”характарыстыка героя“, ”мастацкае (вобразнае) слова“, ”пейзаж“ (карціна прыроды), ”гукапіс“, ”рыфма“, ”рытм“, ”жанр“, ”казка“, ”быліна“, ”легенда“, ”апавяданне“, ”верш“, ”байка“.

У вучняў фарміруюцца на практычным узроўні ўяўленні аб асаблівасцях розных жанраў: прыказкі, скорагаворкі, загадкі, пацешкі небыліцы, народныя песні, казкі, апавяданні, быліны, легенды, вершаванага твора; аб мастацкім і навукова-пазнавальным творы.

Яны засвойваюць традыцыйную тэматыку твораў і кніг для дзяцей (аб Радзіме, яе героях, розных людзях: дзецях і дарослых, працавітых і лянівых і інш., жывёлах і раслінах, машынах і рэчах, прыгодах і фантастыцы).

Назапашваюць веды аб аўтарах, з творчасцю якіх пазнаёміліся на ўроках класнага і пазакласнага чытання (пісьменнік – паэт або празаік, на якія тэмы піша).

Назіраюць за вобразнымі словамі і выразамі літаратурнага твора, практычна засвойваюць вобразна-выяўленчыя сродкі мовы мастацкага твора (эпітэт, параўнанне, метафара, адухаўленне, эмацыянально-ацэначныя словы).

Атрымліваюць веды аб сродках выразнага чытання мастацкага твора (сіла голасу, тон, тэмп, паўза, лагічны націск).

Звесткі з біяграфіі і творчасці класікаў дзіцячай літаратуры даюцца як аснова для фарміравання сувязяў: ”аўтар – творы“, ”аўтар – тэмы твораў і кніг“, ”аўтар – жанры“.

Малодшыя школьнікі набываюць веды аб элементах кнігі (вокладка, тытульны ліст, прадмова, пасляслоўе, змест, ілюстрацыя, анатацыя), аб сродках арыентацыі ў свеце кніг (каталог, рэкамендацыйныя ўказальнікі, кніжная выстаўка), атрымліваюць уяўленні аб газеце, часопісе як перыядычных выданнях; веды аб культуры і гігіене чытання.

Малодшыя школьнікі авалодваюць агульнавучэбнымі, маўленчымі і чытацкімі ўменнямі. Яны вучацца:

чытаць правільна, асэнсавана і бегла цэлымі словамі ўголас і сам сабе;

чытаць выразна ўголас мастацкія творы розных жанраў, карыстаючыся сродкамі інтанацыйнай выразнасці (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

ацэньваць сваё і пачутае чытанне ў адпаведнасці з правільнасцю і выразнасцю.

вызначаць тэму і галоўную думку твора;

вылучаць галоўныя і другарадныя дзеючыя асобы, аналізаваць іх узаемаадносіны, учынкі, тлумачыць матывы ўчынкаў;

выяўляць эмацыянальны стан дзеючых асоб, характарызаваць герояў па іх паводзінах, учынках, параўноўваць персанажы;

знаходзіць у тэксце апісанні дзеючых асоб, карцін прыроды, вызначаць іх ролю ў тэксце;

узнаўляць мастацкія вобразы (слоўнае маляванне дзеючай асобы, карцін прыроды);

выяўляць адносіны аўтара да героя, яго ўчынкаў;

выказваць уласныя адносіны да дзеючых асоб, іх учынкаў, зместу твора;

назіраць за формай апавядання: ад чыйго імя вядзецца апавяданне;дзяліць твор на часткі, складаць план невялікага апавядальнага твора, пераказваць яго змест падрабязна ці сцісла (з дапамогай настаўніка) паводле гатовага плана;

назіраць за будовай верша (вершаваны радок, рытм і рыфма, вобразная мова), знаходзіць у вершы рыфму;

вызначаць агульны эмацыяльны настрой паэтычнага твора, пачуцці, якія перадае паэт, суадносіць іх з уласнымі ўражаннямі, знаходзіць у тэксце словы, якія перадаюць настрой і пачуцці паэта;

назіраць за выразнымі словамі, якія ствараюць вобразы ў мастацкім творы, вылучаць іх з тэксту, тлумачыць значэнне, выяўляць іх вобразную функцыю шляхам слоўнага малявання;

вылучаць з тэксту эмацыянальна-ацэначныя словы, словы-сінонімы, асэнсоўваць іх функцыянальнае прызначэнне: чаму гэтае слова выбраў аўтар, як яно характарызуе героя.

чытаць на памяць вершаваная творы;

складаць вуснае апавяданне ці казку па серыі малюнкаў або малюнку і апорных словах, па ілюстрацыі да твора;

калектыўна ствараць творчыя пераказы (ад імя героя, ад трэцяй асобы, з працягам сюжэтных ліній);

інсцэніраваць невялікія мастацкія творы або іх асобныя эпізоды, насычаныя дыялогамі;

сачыняць скорагаворкі, загадкі, невялікія казкі ці займальныя гісторыі;

самастойна выбіраць і чытаць дзіцячыя кнігі, часопісы, газеты;

вызначаць прыкладны змест незнаёмай кнігі па інфармацыі, змешчанай на вокладцы, тытульным лісце, у прадмове, пасляслоўі, змесце, а таксама па ілюстрацыях на вокладцы і на старонках выданняў;

суадносіць назву і змест твора або кнігі, даваць ацэнку прачытанаму.

Асноўнымі відамі дзейнасці на ўроках літаратурнага чытання з’яўляецца чытанне ўголас і моўчкі, беглае і выразнае, выбарачнае, каменціраванае, самастойнае; завучванне вершаў на памяць; слуханне і пераказванне твораў; аналітычная і ацэначная работа з тэкстам твора (аналіз учынкаў дзейных асоб, ацэнка іх паводзін, адбор матэрыялу для апавядання пра героя, выдзяленне галоўнай думкі твора, складанне плана, падрабязны, выбарачны або сціслы пераказ тэкстуі інш.), творчая праца ў сувязі з прачытаным; работа з дзіцячай кнігай (чытанне-разгляд дзіцячых кніг з мэтай выбару аб'екта чытання або лепшага асэнсавання прачытанага; самастойная арыенціроўка ў адной або некалькіх кнігах па іх знешніх паказчыках; чытанне, перачытванне, пераказ зместу ўсяго твора або ўрыўкаў з яго; пастаноўка ”жывых карцін“, інсцэніроўка асобных эпізодаў, удзел у літаратурных гульнях, у арганізацыі кніжных выставак, знаёмства з бібліятэчнымі рэкамендацыйнымі паказальнікамі і інш.).

Структураваць вучэбны матэрыял пажадана па мастацка-эстэтычным, тэматычным або жанрава-тэматычным прынцыпах, каб сфарміраваць у вучняў веды аб тэмах літаратурнай творчасці і сістэмныя ўяўленні (вобразныя) аб навакольным свеце. Магчымы варыянт структуравання вучэбнага матэрыялу па манаграфічным (аўтарскім) прынцыпе, але ён павінен уводзіцца паступова і на апошніх гадах навучання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі, таму што ў вучняў 7–9 гадоў чытацкі кругагляд абмежаваны ўзростам.

Змест літаратурнай адукацыі малодшых школьнікаў рэалізуецца на ўроках літаратурнага чытання, пазакласнага чытання і факультатыўных занятках, якія забяспечваюць права школьніка на выбар заняткаў у адпаведнасці з інтарэсамі і магчымасцямі самога вучня.

 

 

 

5. Склад вучэбна-метадычнага комплексу

 

Сучасны вучэбна-метадычны комплекс па прадмеце ”Літаратурнае чытанне“ уяўляе сабою сістэму ўзаемазвязаных дыдактычных сродкаў на друкаваных і электронных носьбітах. У склад вучэбна-метадычнага комплексу ўваходзяць:

-      вучэбная праграма;

-      падручнік па літаратурным чытанні на друкаванай аснове;

-      дзіцячыя кнігі розных жанраў, тыпаў выдання, тэматычнай і аўтарскай прыналежнасці для ўрокаў пазакласнага чытання;

-      вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўніка;

-      каляндарна-тэматычнае планаванне вучэбнага матэрыялу;

-      праграма, вучэбны і вучэбна-метадычны дапаможнікі для факультатыўных заняткаў;

o   прадметныя, сюжэтныя малюнкі і рэпрадукцыі карцін для развіцця маўлення (на друкаваных і электронных носьбітах);

-      зборнікі дыягнастычных заданняў для праверкі навыку чытання, чытацкіх і маўленчых уменняў (у тым ліку электронны варыянт).