Разделы сайта

Главная

Канцэпцыя вучэбнага прадмета "Літаратурная чытанне" (з рускай мовай навучання)

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

ад 29.05.2009 № 675

 

 

 

Канцэпцыя

вучэбнага прадмета “Літаратурнае чытанне“

 

I ступень агульнай сярэдняй адукацыі

(для агульнаадукацыйных устаноў з рускай мовай навучання)

 

 

Уводзіны

 

”Літаратурнае чытанне“ на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў агульнаадукацыйных установах з рускай мовай навучання выступае ў якасці арганічнага звяна адзінай сістэмы навучання беларускай мове.Разам з вучэбнай дысцыплінай ”Беларуская мова“ прадмет ”Літаратурнае чытанне“ забяспечвае авалоданне дзецьмі нацыянальнай мовай беларускага народа.

”Літаратурнае чытанне“ разглядаецца таксама як падрыхтоўчы этап адзінай літаратурнай адукацыі вучняў. Вучэбны прадмет прызначаны ўвесці малодшых школьнікаў у свет беларускай мастацкай літаратуры, абудзіць цікавасць да кніг і чытання на беларускай мове, закласці асновы чытацкай культуры.

”Літаратурнаму чытанню“ належыць асаблівая роля, якая змяняецца ад прадмета навучання, калі фарміруецца механізм чытання, удасканальваюцца тэхніка чытання і ўменні працаваць з тэкстам, ажыццяўляецца літаратурнае і этнакультурнае развіццё, да сродку навучання, у якасці якога чытанне забяспечвае паспяховасць навучання беларускай мове, курсу ”Мая Радзіма – Беларусь“, а ў далейшым становіцца універсальным сродкам дзейнасці па авалоданні зместам навучальных дысцыплін, выкладанне якіх вядзецца на беларускай мове.

 ”Літаратурнае чытанне“ з’яўляецца сродкам выхавання і развіцця асобы малодшага школьніка. Слуханне, чытанне і аналіз літаратурных твораў, скіраваныя на вылучэнне і асэнсаванне нацыянальна-культурных і мастацкіх адметнасцяў твора, глыбокае спасціжэнне яго зместу і сэнсу на аснове разумення сродкаў стварэння аўтарам мастацкіх вобразаў, спрыяюць фарміраванню нацыянальнай самасвядомасці, засваенню этнічных і агульначалавечых каштоўнасцей. Пры знаёмстве з творамі беларускіх пісьменнікаў адбываецца фарміраванне эстэтычнага густу і маральна-этычнае развіццё вучняў, асваенне нацыянальнай культурнай спадчыны.

Вучэбны прадмет ”Літаратурнае чытанне“ выконвае адукацыйную функцыю фарміравання маўленчых уменняў у розных відах маўленчай дзейнасці: аўдзіраванні (слуханні), чытанні і гаварэнні, а таксама, апасродкавана, у пісьмовай мове, чым спрыяе авалодванню вучнямі дзяржаўнай мовай, сацыяльнай адаптацыі ў двухмоўным асяроддзі. Фарміраванне маўленчай дзейнасці, назапашванне, узбагачэнне і актывізацыя слоўнікавага запасу, развіццё творчага патэнцыялу вучняў, іх эмоцый і пачуццяў, а таксама нацыянальна-культурных уяўленняў на ўроках літаратурнага чытання адбываецца праз маўленча-дзейнасны характар навучання, заснаваны на суразмоўніцтве, дыялогу.

 ”Літаратурнаму чытанню“ належыць эстэтычная функцыя фарміравання эмацыянальна-пачуццёвай сферы, узнаўляючага ўяўлення, вобразнага мыслення вучняў, паколькі аб’ектам чытання з’яўляецца мастацкі твор, які пабудаваны па законах мастацтва. У працэсе эмацыянальна-вобразнага ўспрымання мастацкіх тэкстаў адбываецца развіццё маральна-эстэтычных уяўленняў дзяцей, выхоўваецца культура пачуццяў.

Паспяховае вырашэнне задач навучання забяспечваецца апорай на веды, уменні і навыкі вучняў, атрыманыя на ўроках па прадмеце ”Литературное чтение”. Аналогіі з навучаннем чытанню на роднай мове могуць мець месца пры фарміраванні уменняў аналізу тэксту і асобных уменняў слоўнікавай працы, ажыццяўленні мэтанакіраванай працы па адаптацыі механізму чытання на беларускім моўным матэрыяле, засваенні літаратурных ведаў. Могуць таксама выкарыстоўвацца формы, метады і прыёмы працы, характэрныя для навучання чытанню на роднай (рускай) мове.

 

 

 

1. Зыходныя метадалагічныя пасылкі пабудовы зместу навучання

 

Змест пачатковай літаратурнай адукацыі грунтуецца на метадалагічных пазіцыях, якія звязаны з рэалізацыяй сістэмнага, культуралагічнага, асобаснага і дзейнаснага падыходаў. Метадалагічнай основай прадмета з’яўляецца таксама гуманістычная канцэпцыя літаратурнай адукацыі, якая арыентуе на засваенне духоўных і маральных агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей.

Пабудова зместу навучання з улікам сістэмнага падыходу дазваляе разглядаць змест у выглядзе сістэмы (цэласнасці), асобасныя кампанеты якой знаходзяцца ва ўзаемасувязі. Сістэмны падыход патрабуе адзінства ўсіх кампанентаў зместу, сувязей паміж яго кампанентамі і функцый, якія яны выконваюць у сістэме зносін.

Асобасны падыход патрабуе прызнання ўнікальнасці асобы, яе правоў на ўласную пазіцыю, павагу; арыентуе на стварэнне ўмоў для паўнавартаснага праяўлення і развіцця якасцей асобы, уліку інтарэсаў, індывідуальных асаблівасцей і здольнасцей вучняў.

Дзейнасны падыход вызначае такую накіраванасць зместу навучання, пры якой засваенне яго адбываецца шляхам фарміравання ўсіх структурных кампанентаў чытацкай, маўленчай і пазнавальнай дзейнасці, і вучань разглядаецца як суб’ект дзейнасці і зносін.

Пабудова зместу навучання у адпаведнасці з культуралагічным падыходам садзейнічае пашырэнню культурных асноў зместу, ажыццяўленню нацыянальна-культурнай сацыялізацыі вучняў, арыентацыі на засваенне нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі, станаўленню асобаснай культуры.

Пабудова зместу навучання падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы зместу адукацыі ў 11-гадовай школе: культураадпаведнасці, прадуктыўнасці, гуманізацыі, аптымізацыі, дыферэнцыяцыі, свядомасці і актыўнасці вучняў, прыродаадпаведнасці і індывідуалізацыі, пераемнасці адукацыі і інш.

 

 

 

2. Мэты і задачы вучэбнага прадмета

 

Мэты вучэбнага прадмета – шляхам чытання і разумення сэнсу літаратурных твораў далучыць малодшага школьніка да нацыянальных і агульначалавечых духоўных каштоўнасцяў; сфарміраваць яго як культурнага чытача, які выказвае цікавасць да кніг і чытання на беларускай мове, праяўляе грамадзянскія, маральныя, эстэтычныя пачуцці і творчую актыўнасць; валодае трывалымі навыкамі чытання, спосабамі самастойнай працы з тэкстам і дзіцячай кнігайяк агульнавучэбнымі ўменнямі.

Асноўныя задачы прадмета:

-    выхоўваць сродкамі чытання грамадзянскія, духоўныя і эстэтычныя пачуцці; далучаць да нацыянальна-культурнай спадчыны;

-    развіваць эмацыянальна-пачуццёвую сферу, узнаўляючае ўяўленне, індывідуальнасць, самастойнасць, крытычнасць мыслення і творчую актыўнасць малодшага школьніка;

-    фарміраваць маўленчую дзейнасць на беларускай мове, узбагачаць і пашыраць слоўнік вучняў, забяспечваць авалоданне арфаэпічнымі і акцэнталагічнымі нормамі беларускай мовы;

-    развіваць цікавасць да кніг беларускіх пісьменнікаў і чытання на беларускай мове, пашыраць кола чытання малодшага школьніка, яго начытанасць;

-    вучыць правільнаму, асэнсаванаму, выразнаму чытанню ўголас і сам сабе з хуткасцю, якая не перашкаджае асэнсаванню;

-    фарміраваць чытацкія уменні, уменні слоўнікавай працы і літаратурныя веды, неабходныя для паўнавартаснага ўспрымання літаратуры як мастацтва слова і разумення мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў.

Мэты і задачы навучання літаратурнаму чытанню вызначылі асноўныя змястоўныя лініі прадмета:

-      асваенне базавых нормаў грамадзянскай, духоўнай і маральнай культуры;

-      фарміраванне навыку чытання на беларускай мове і ўмення выразнага чытання;

-      фарміраванне ўменняў працы з мастацкім творам (чытацкіх уменняў і уменняў слоўнікавай працы);

-      ажыццяўленне мастацка-маўленчай і літаратурна-творчай дзейнасці на падставе праслуханага/прачытанага;

-      фарміраванне ўменняў працы з дзіцячай кнігай;

-      назапашванне ведаў аб літаратуры як мастацтве слова.

У якасці вядучых кампанентаў зместу навучання выступаюць:

-    прадметныя веды (літаратуразнаўчыя веды і ўяўленні);

-    спосабы дзейнасці (чытацкія і маўленчыя ўменні, уменні слоўнікавай працы);

-    мастацкае пазнанне рэчаіснасці;

-    вопыт літаратурна-творчай і мастацка-маўленчай дзейнасці;

-    кола маральна-эстэтычных каштоўнасцей.

 

 

 

3. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі канструявання

 зместу навучання

 

У аснову адбору зместу і сістэматызацыі навучальнага матэрыялу, метадаў і прыёмаў арганізацыі чытацкай дзейнасці вучняў пакладзены наступныя прынцыпы: культураадпаведнасці, мастацка-эстэтычны, літаратуразнаўчы, камунікатыўна-маўленчы, уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры малодшымі школьнікамі; практычнай накіраванасці і творчага характару навучання, прынцып пераемнасці і перспектыўнасці.

Прынцып культураадпаведнасці вызначае накіраванасць зместу літаратурнай адукацыі не толькі на засваенне кагнетыўных (пазнавальных) каштоўнасцей, але і на прысваенне культурных, духоўных і маральных каштоўнасцей, якія замацаваны ў мове і змесце мастацкага твора.

Мастацка-эстэтычны прынцып вызначае стратэгію адбору літаратурных твораў для чытання. Матэрыялам для чытання павінны быць творы высокай мастацкай вартасці, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання і складаюць залаты фонд дзіцячай літаратуры. Улік дадзенага прынцыпу ў методыцы выкладання забяспечвае погляд на мастацкі тэкст як на твор слоўнага мастацтва.

Літаратуразнаўчы прынцып вызначае вобласці літаратурнай творчасці, якія прызначаны для вывучэння, – фальклор, класіка, сучасная і замежная дзіцячая літаратура, а таксама асноўныя літаратурныя жанры. Дадзены прынцып рэалізуецца ў методыцы аналізу мастацкага твора. Ён патрабуе дыферэнцыраванага падыходу да твораў розных жанраў, вывучэнне твора ў адзінстве зместу і формы.

Камунікатыўна-маўленчы прынцып арыентуе на фарміраванне і развіццё ў вучняў маўленчых уменняў і навыкаў чытання, слухання, гаварэння і абагульнення. На матэрыяле чытання пашыраецца і ўзбагачаецца слоўнікавы запас вучняў, фарміруюцца ўменні звязнага выкладання думак, засвойваецца літаратурная і маўленчая норма, развіваецца культура маўлення, культура суразмоўніцтва паміж настаўнікам і вучнямі.

Прынцып уліку ўзроставых і псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры малодшымі школьнікамі вызначае кола чытання вучняў (разнастайныя па тэматыцы і жанрах творы з дынамічным сюжэтам, эмацыянальныя, яркія па форме); узровень патрабаванняў да аб’ёму ведаў, уменняў і навыкаў вучняў па літаратурным чытанні; характар чытацкіх уменняў, а таксама літаратуразнаўчых уяўленняў малодшых школьнікаў; падыходы да аналізу мастацкага твора, структуры ўрока чытання.

Прынцып практычнай накіраванасці арыентуе на падрыхтоўку школьнікаў да рэальнага жыцця ў грамадстве. Фарміраванне чытацкай, маўленчай і камунікатыўнай культуры – неабходная ўмова сацыялізацыі школьнікаў.

Прынцып творчага навучання прадугледжвае выхаванне чытача, які здольны выказваць уласную думку аб прачытанным творы; уключэнне вучняў у самастойную літаратурна-творчую дзейнасць; творчы падыход да формаў і метадаў працэсу навучання літаратурнаму чытанню.

Прынцып пераемнасці і перспектыўнасці ў змесце літаратурнай адукацыі з дашкольным і сярэднім ступенямі сістэмы непарыўнай адукацыі забяспечвае сувязь і ўзгодненасцькожнагакампанента педагагічнай сістэмы адукацыі (мэтаў, задач, зместу, форм і метадаў навучання).

 

 

 

4. Структура і змест вучэбнага прадмета

 

У літаратурным чытанні неабходна ўмоўна адрозніваць два перыяды: падрыхтоўчы і асноўны. Другі год навучання нельга аднесці да асноўнага перыяду, паколькі ў другакласнікаў не сфарміраваны навык чытання па-беларуску. У другім класе акцэнтуецца ўвага на развіццё навыку чытання па-беларуску, узбагачэнне і пашырэнне слоўніка вучняў, авалоданне арфаэпічнымі і акцэнталагічнымі нормамі беларускай мовы, фарміраванне маўленчай дзейнасці на беларускай мове. У трэцім і чацвёртым класах (асноўны перыяд) галоўным становіцца мастацкі твор, яго мастацкія асаблівасці, чытацкая культура школьніка.

Структура прадмета ”Літаратурнае чытанне“ характарызуецца наяўнасцю ўрокаў класнага і пазакласнага чытання. Пазакласнае чытанне з’яўляецца састаўной часткай вучэбнага прадмета ”Літаратурнае чытанне“. Мэта пазакласнага чытання – пашырэнне чытацкага кругагляду вучняў, фарміраванне чытацкай самастойнасці, прывіццё цікавасці да чытання кніг, часопісаў, газет, выхаванне актыўных чытачоў. На ўроках пазакласнага чытання дзеці атрымліваюць веды аб элементах кнігі: вокладцы, пераплёце, тытульным лісце, форзацы, змесце, прадмове, пасляслоўі, ілюстрацыі; пачатковае ўяўленне аб каталагу, рэкамендацыйных указальніках для чытання; уяўленні аб перыёдыцы (дзіцячых газетах і часопісах).

Аб’ектам вывучэння прадмета ”Літаратурнае чытанне“ з’яўляюцца перш за ўсё мастацкія творы беларускай дзіцячай літаратуры, а таксама творы класічнай літаратуры, якія ўвайшлі ў кола дзіцячага чытання. Прыярытэт аддаецца беларускай літаратуры. Разам з мастацкімі творамі з розных абласцей літаратурнай творчасці (фальклор, класіка, сучасная і замежная дзіцячая літаратура) у праграму ўключаецца для вывучэння навукова-мастацкія і навукова-пазнавальныя тэксты.

У адпаведнасці з узроставымі магчымасцямі вучні атрымліваюць элементарныя веды з вобласці літаратуразнаўства на практычным узроўні, або ўзроўні ўяўленняў, якія неабходныя для засваення літаратуры як мастацтва слова і якія з’яўляюцца сродкам рашэння творчых задач, а таксама абслугоўваюць самастойную творчую працу маленькіх чытачоў.

Малодшыя школьнікі практычна засвойваюць значэнні такіх слоў як ”аўтар (пісьменнік, паэт)“, ”тэма“, ”галоўная думка“, ”падзея, сувязь падзей“, ”кампазіцыя“, ”герой (дзеючая асоба, персанаж)“, ”учынак“, ”характарыстыка героя“, ”мастацкае (вобразнае) слова“, ”пейзаж“ (карціна прыроды), ”гукапіс“, ”рыфма“, ”рытм“, ”жанр“, ”казка“, ”быліна“, ”легенда“, ”апавяданне“, ”верш“, ”байка“.

У вучняў фарміруюцца на практычным узроўні ўяўленні аб асаблівасцях розных жанраў: прыказкі, скорагаворкі, загадкі, пацешкі, небыліцы, народныя песні, казкі, апавяданні, быліны, легенды, вершаванага твора; аб мастацкім і навукова-пазнавальным творы.

Яны засвойваюць традыцыйную тэматыку твораў і кніг для дзяцей (аб Радзіме, яе героях, розных людзях: дзецях і дарослых, працавітых і лянівых і інш., жывёлах і раслінах, машынах і рэчах, прыгодах і фантастыцы).

Назапашваюць веды аб аўтарах, з творчасцю якіх пазнаёміліся на ўроках класнага і пазакласнага чытання (пісьменнік – паэт або празаік, на якія тэмы піша).

Назіраюць за вобразнымі словамі і выразамі літаратурнага твора, практычна засвойваюць вобразна-выяўленчыя сродкі мовы мастацкага твора (эпітэт, параўнанне, метафара, адухаўленне, эмацыянально-ацэначныя словы).

Атрымліваюць веды аб сродках выразнага чытання мастацкага твора (сіла голасу, тон, тэмп, паўза, лагічны націск).

Звесткі з біяграфіі і творчасці класікаў дзіцячай літаратуры даюцца як аснова для фарміравання сувязяў: ”аўтар – творы“, ”аўтар – тэмы твораў і кніг“, ”аўтар – жанры“.

Малодшыя школьнікі набываюць веды аб элементах кнігі (вокладка, тытульны ліст, прадмова, пасляслоўе, змест, ілюстрацыя, анатацыя), аб сродках арыентацыі ў свеце кніг (каталог, рэкамендацыйныя ўказальнікі, кніжная выстаўка), атрымліваюць уяўленні аб газеце, часопісе як перыядычных выданнях; веды аб культуры і гігіене чытання.

Малодшыя школьнікі авалодваюць агульнавучэбнымі, маўленчымі і чытацкімі ўменнямі. Яны вучацца:

чытаць правільна, асэнсавана і бегла цэлымі словамі ўголас і сам сабе ў адпаведнасці з арфаэпічнымі асаблівасцямі беларускай мовы;

чытаць выразна ўголас мастацкія творы розных жанраў, карыстаючыся сродкамі інтанацыйнай выразнасці (тон, тэмп, паўза, лагічны націск);

ацэньваць сваё і пачутае чытанне ў адпаведнасці з правільнасцю і выразнасцю.

эмацыянальна ўспрымаць і рэагаваць на пачутае/прачытанае;

прагназаваць змест твора па загалоўку, ілюстрацыях і апорных словах;

вылучаць незразумелыя словы і выразы, высвятляць іх значэнне праз кантэкст, з дапамогай тлумачальнага і перакладнога слоўніка;

вылучаць словы, падобныя па гучанні словам рускай мовы, і ўстанаўліваць іх значэнне;

выяўляць сэнсавыя сувязі паміж падзеямі ў творы (паслядоўныя, часавыя, прасторавыя, прычынныя);

вылучаць галоўныя і другарадныя дзеючыя асобы, аналізаваць іх узаемаадносіны, учынкі, матывы ўчынкаў;

выяўляць эмацыянальны стан дзеючых асоб, характарызаваць герояў па іх паводзінах, учынках, параўноўваць персанажы.

знаходзіць у тэксце апісанні дзеючых асоб, карцін прыроды, вызначаць іх ролю ў тэксце;

узнаўляць мастацкія вобразы (слоўнае маляванне дзеючай асобы, карцін прыроды);

выяўляць адносіны аўтара да героя, яго ўчынкаў;

выказваць уласныя адносіны да дзеючых асоб, іх учынкаў, зместу твора.

вызначаць тэму і галоўную думку твора;

назіраць за формай апавядання: ад чыйго імя вядзецца апавяданне;

вылучаць кампазіцыйныя часткі твора: пачатак падзей, вяршыню, самы напружаны момант, завяршэнне падзей;

дзяліць твор на часткі, складаць план невялікага апавядальнага твора;

назіраць за будовай верша (вершаваны радок, рытм і рыфма, вобразная мова), знаходзіць у вершы рыфму;

вызначаць агульны эмацыянальны настрой паэтычнага твора;

назіраць за выразнымі словамі, якія ствараюць вобразы ў мастацкім творы, вылучаць іх з тэксту, тлумачыць значэнне, выяўляць іх вобразную функцыю шляхам слоўнага малявання;

вылучаць з тэксту эмацыянальна-ацэначныя словы, словы-сінонімы, асэнсоўваць іх функцыянальнае прызначэнне: чаму гэтае слова выбраў аўтар, як яно характарызуе героя;

падрабязна пераказваць невялікі апавядальны тэкст ці яго часткі па калектыўна складзеным плане;

складаць тэкст на вызначаную тэму па прапанаваным плане і апорных словах з дапамогай настаўніка;

складаць вуснае апавяданне ці казку па серыі малюнкаў або малюнку і апорных словах, па ілюстрацыі да твора;

калектыўна ствараць творчыя пераказы (ад імя героя);

чытаць па ролях, інсцэніраваць невялікія мастацкія творы або іх асобныя эпізоды, насычаныя дыялогамі;

самастойна выбіраць і чытаць дзіцячыя кнігі, часопісы, газеты;

вызначаць прыкладны змест незнаёмай кнігі па інфармацыі, змешчанай на вокладцы, тытульным лісце, у прадмове, пасляслоўі, змесце, а таксама па ілюстрацыях на вокладцы і на старонках выданняў;

суадносіць назву і змест твора або кнігі, даваць ацэнку прачытанаму.

Асноўнымі відамі дзейнасці на ўроках літаратурнага чытання з’яўляецца чытанне ўголас і моўчкі, беглае і выразнае, выбарачнае, каменціраванае, самастойнае; завучванне вершаў на памяць; слоўнікавая праца; слуханне і пераказванне твораў; аналітычная і ацэначная работа з тэкстам твора, творчая праца ў сувязі з прачытаным; работа з дзіцячай кнігай (чытанне-разгляд дзіцячых кніг з мэтай выбару аб'екта чытання або лепшага асэнсавання прачытанага; самастойная арыенціроўка ў адной або некалькіх кнігах па іх знешніх паказчыках; чытанне, перачытванне, пераказ зместу ўсяго твора або ўрыўкаў з яго; пастаноўка ”жывых карцін“, інсцэніроўка асобных эпізодаў, удзел у літаратурных гульнях, у арганізацыі кніжных выставак, знаёмства з бібліятэчнымі рэкамендацыйнымі паказальнікамі і інш.).

Структураваць вучэбны матэрыял пажадана па мастацка-эстэтычным, тэматычным або жанрава-тэматычным прынцыпах, каб вучні авалодалі тэматычнай лексікай, якая забяспечыць ім прадуктыўную маўленчую дзейнасць на беларускай мове, каб сфарміраваць у вучняў веды аб тэмах літаратурнай творчасці і сістэмныя ўяўленні (вобразныя) аб навакольным свеце.

Змест літаратурнай адукацыі малодшых школьнікаў рэалізуецца на ўроках літаратурнага чытання, пазакласнага чытання і факультатыўных занятках, якія забяспечваюць права школьніка на выбар заняткаў у адпаведнасці з інтарэсамі і магчымасцямі самога вучня.

 

 

 

5. Склад вучэбна-метадычнага комплексу

 

Сучасны вучэбна-метадычны комплекс па прадмеце ”Літаратурнае чытанне“ уяўляе сабою сістэму ўзаемазвязаных дыдактычных сродкаў на друкаваных і электронных носьбітах. У склад вучэбна-метадычнага комплексу ўваходзяць:

-    вучэбная праграма;

-    падручнік па літаратурным чытанні на друкаванай аснове;

-    дзіцячыя кнігі розных жанраў, тыпаў выдання, тэматычнай і аўтарскай прыналежнасці для ўрокаў пазакласнага чытання;

-    вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўніка;

-    каляндарна-тэматычнае планаванне вучэбнага матэрыялу;

-    праграма, вучэбны і вучэбна-метадычны дапаможнікі для факультатыўных заняткаў;

-    прадметныя, сюжэтныя малюнкі і рэпрадукцыі карцін для развіцця маўлення (на друкаваных і электронных носьбітах);

-    зборнікі дыягнастычных заданняў для праверкі навыку чытання, чытацкіх і маўленчых уменняў  (у тым ліку электронны варыянт).