Разделы сайта

Главная

Канцэпцыя вучэбнага прадмета "Навучанне грамаце"

ЗАЦВЕРДЖАНА

Загад

Міністэрства адукацыі

Рэспублікі Беларусь

ад 29.05.2009 № 675

 

 

 

КАНЦЭПЦЫЯ

вучэбнага прадмета ”Навучанне грамаце“

 

I ступень агульнай сярэдняй адукацыі

 

Уводзіны

 

Сучаснае грамадства прад’яўляе новыя, больш высокія патрабаванні да ўзроўню падрыхтоўкі дзяцей у агульнаадукацыйнай сярэдняй школе. Адным з вядучых прадметаў на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі з’яўляецца навучанне грамаце, дзе вучні авалодваюць, паводле В. А. Сухамлінскага, ”найважнейшым інструментам вучэння“– чытаннем і пісьмом.

Навучанне грамаце часта разумеецца як навучанне прасцейшаму складоваму чытанню і выкладанню слоў з літар разразной азбукі (або друкаванню). Але яшчэ К. Дз. Ушынскі ставіў на мэце ”…практыкаваць ўсе здольнасці дзіцяці разам з вучэннем грамаце, – развіваць, мацаваць, даваць карысны навык, узбуджаць самадзейнасць і як бы мімаходам дасягаць навучання чытанню і пісьму“.

На сучасным этапе развіцця грамадства навучанне грамаце ўяўляе сабой пачатковы этап сістэматычнага вывучэння роднай мовы ў школе і забяспечвае эфектыўнае лінгвістычнае і разумовае развіццё дзяцей. Працэс навучання грамаце разглядаецца як двухбаковы працэс узаемадзеяння і супрацоўніцтва яго суб’ектаў (педагога і вучняў), што служыць падмуркам псіхічнага (асобаснага) развіцця дзяцей.

З азначаных пазіцый ў дадзенай канцэпцыі і разглядаюцца зыходныя палажэнні пабудовы зместу навучання грамаце як вучэбнага прадмета.

 

 

 

1. Зыходныя метадалагічныя пасылкі і прынцыпы пабудовы зместу навучання грамаце

 

У сучаснай школе навучанне грамаце, першапачатковае навучанне чытанню і пісьму ўваходзіць часткай у вучэбны прадмет, які называецца родная мова і служыць своеасаблівымі ўводзінамі ў вывучэнне мовы.

Чытанне і пісьмо – віды маўленчай дзейнасці, асновай для якіх з’яўляецца вуснае маўленне. Гэта складаны рад новых асацыяцый, які засноўваецца на другой сігнальнай сістэме, што ўжо сфарміравалася, дадаецца да яе (Б. Г. Ананьеў).

Значыць, асновай для навучання грамаце з’яўляецца агульнамаўленчае развіццё дзяцей. Дзеці з добра развітым маўленнем паспяхова авалодваюць граматай і ўсімі іншымі вучэбнымі прадметамі. Асаблівае значэнне мае фарміраванне элементарнага асэнсавання свайго і чужога маўлення, калі прадметам увагі і вывучэння вучняў становіцца само маўленне, яго элементы. Фарміраванне маўленчай рэфлексіі (асэнсаванне ўласных маўленчых паводзін, маўленчых дзеянняў), адвольнасці маўлення складае найважнейшы аспект падрыхтоўкі да навучання пісьмоваму маўленню.

Паказчыкамі пэўнага ўзроўню асэнсавання маўлення і гатоўнасці да навучання грамаце з’яўляюцца наступныя ўменні: засяродзіць сваю ўвагу на вербальнай задачы; адвольна будаваць свае выказванні; выбіраць найбольш прыдатныя моўныя сродкі для выканання вербальнай задачы; раздумваць аб магчымых варыянтах яе вырашэння; ацэньваць выкананне вербальнай задачы.

Чытанню належыць асаблівая роля сярод прадметаў, што выкладаюцца ў першым класе. Навучанне чытанню (і пісьму) ”…гэта ёсць перш за ўсё свайго роду рэальная прапедэўтыка ўсіх іншых прадметаў. Толькі навучыўшыся грамаце, школьнік атрымлівае неабходную прыладу для авалодання нямоўнымі ведамі“ (А. А. Лявонцьеў). Іншымі словамі, чытанне – важны від маўленчай дзейнасці, які спачатку выступае толькі ў якасці прадмета навучання, а затым становіцца сродкам навучання і развіцця дзяцей.

Асноўны прынцып навучання чытанню і пісьму вызначаецца ў значнай ступені сістэмай пісьма: пры лагаграфічнай (іерагліфічнай) сістэме гэта ”метад цэлых слоў“, пры складовай – ”метад цэлых складоў“, пры гука-літарнай – гукавы метад, або фанематычны.

Беларускае (як і рускае) пісьмо з’яўляецца гука-літарным. Гука-літарная сістэма пісьма з’яўляецца па сутнасці фанемнай сістэмай, г.зн. літарамі абазначаюцца фанемы (асобныя гукавыя значэнні) і адносіны паміж імі (часовая паслядоўнасць фанем змадэлявана прасторавым размяшчэннем знакаў).

На пачатковым этапе навучання чытанне вызначаецца як працэс узнаўлення гукавой формы слоў па іх графічнай (літарнай) мадэлі (Д. Б. Эльконін). У гэтым вызначэнні ўказваецца на змест дзеянняў пачынаючага чытача – гукавую рэчаіснасць мовы. Без правільнага ўзнаўлення гукавой формы слова вучань не можа зразумець тое, што чытае. Не літары або іх назвы з’яўляюцца прадметным зместам дзеянняў чытача, а гукавы лад мовы – фанемы і іх паслядоўнасць.

Са сказанага вынікае неабходнасць азнаямлення вучняў з гукавой сістэмай роднай мовы, фарміравання ў іх дзеяння гукавога аналізу слова, выразнага адрознення галосных і зычных фанем, вывучэння кожнай літары як знака для абазначэння пэўнай фанемы (фанем) на пісьме, а затым – навучання дзяцей спалучэнню зычных фанем з галоснымі.

Але выступаць ў якасці сродку навучання розным вучэбным прадметам чытанне можа, пачынаючы з этапа авалодання чытаннем цэлымі словамі і словазлучэннямі (сказамі). Толькі авалодаўшы цэласнымі прыёмамі чытання, вучні здольны асэнсаваць тэкст матэматычнай задачы, пытанне або заданне да тэксту і г.д. Неабходнасць ў гэтым узнікае ўжо ў першым класе, а пачынаючы з другога класа валоданне даволі дасканалым

навыкам свядомага, правільнага, выразнага і беглага чытання ўсё больш ператвараецца ў адну з умоў агульнага развіцця дзяцей.

Сказанае сведчыць аб неабходнасці навучання вучняў першага класа цэласным прыёмам чытання, калі дзеянне ўзнаўлення гукавой формы слова ператвараецца ў ”тэхніку“ – аперацыю для ажыццяўлення новага свядомага дзеяння асэнсавання сказа.

Навучанне грамаце падпарадкоўваецца агульным прынцыпам пабудовы зместу адукацыі ў 11-гадовай школе: культураадпаведнасці, прадуктыўнасці, гуманізацыі, аптымізацыі, дыферэнцыяцыі, свядомасці і актыўнасці вучняў, пераемнасці адукацыі і інш.

Важным прынцыпам навучання грамаце як першапачатковага курса роднай мовы з’яўляецца прынцып мульцікультурнасці – арыентацыі на асваенне нацыянальнай культуры ў адзінстве з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Незалежна ад мовы навучання (беларускай ці рускай) у працэсе яго ажыццяўляецца нацыянальна-культурная сацыялізацыя дзіцяці, фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці на аснове лепшых узораў народнай слоўнай творчасці і класічнай літаратуры для дзяцей. Акрамя таго, навучанне чытанню і пісьму павінна адпавядаць прынцыпу прыродаадпаведнасці і індывідуалізацыі, што мае на ўвазе ўлік узроставых і індывідуальных асаблівасцей дзяцей шасцігадовага ўзросту, улік развіцця іх здольнасцей, інтарэсаў.

 

 

 

  1. Мэты і задачы навучання грамаце

 

Галоўная мэта навучання грамаце як вучэбнага прадмета – развіццё асобы кожнага дзіцяці як цэласнага сістэмна-сэнсавага ўтварэння, узбагачэнне яго ўнутранага, духоўнага свету; фармірованне ў вучняў любові і павагі да роднага слова, чуйнасці да моўных норм і выразных сродкаў маўлення; фарміраванне ў дзяцей элементарнай арыенціроўкі ў моўнай рэчаіснасці, развіццё мысліцельнай дзейнасці дзяцей.

У дапасаванні да галіны прадметнага зместу навучання грамаце яго асноўнымі задачамі з’яўляюцца:

-    развіццё моўнай здольнасці дзіцяці, г.зн. умення карыстацца роднай мовай: разумець пачутае і самастойна выказваць свае думкі;

-    фарміраванне ў вучняў уяўленняў аб асноўных моўных паняццях, практычных уменняў элементарнага аналізу моўных з’яў;

-    развіццё фанематычнага слыху;

-    навучанне чытанню складоў, слоў, сказаў і кароткіх тэкстаў;

-    фарміраванне асноў пісьмовага маўлення;

-    развіццё звязнага вуснага маўлення, якое акумулюе ў сабе ўсе дасягненні дзяцяці ў авалоданні практычнымі маўленчымі навыкамі: уменне адбіраць дакладныя словы для выказвання думкі; утвараць аднаструктурныя, роднасныя, складаныя словы; будаваць сказы розных тыпаў; карыстацца інтанацыйнымі сродкамі выразнасці;

-    фарміраванне цікавасці да чытання як сродку пазнання, чытацкага кругагляду.

Да падрыхтоўкі вучняў прад’яўляюцца наступныя патрабаванні.

Умець вычляняць словы ў сказе, гукі ў слове, вызначаць іх паслядоўнасць, адрозніваць галосныя і зычныя гукі. Правільна называць мяккія і цвёрдыя зычныя гукі ў слове і па-за словам. Падбіраць словы на зададзены гук. Вызначаць месца націску ў слове.

Ведаць усе літары беларускага (рускага) алфавіта, адрозніваць галосныя і зычныя гукі і літары, разумець асноўнае іх адрозненне (гукі вымаўляем, літары пішам).

Абазначаць на пісьме літарамі гукі беларускай (рускай) мовы, мяккасць зычных гукаў літарамі е, ё, і, ю, я і мяккім знакам. Выразна, без скажэнняў пісаць малыя і вялікія літары, злучэнні, словы; правільна спісваць словы і сказы, напісанныя ад рукі і надрукаваныя. Пісаць пад дыктоўку словы, напісанне якіх не разыходзіцца з вымаўленнем. Ужываць вялікую літару ў пачатку, кропку ў канцы сказа.

Чытаць складамі, словамі і сказамі невялікія тэксты.

Правільна называць знаёмыя кнігі, персанажаў любімых казак, расказаў; драматызаваць вядомыя літаратурныя творы, сцэнкі з іх. Ведаць на памяць некалькі вершаў, выразна іх чытаць.

Умець падтрымаць размову на знаёмую тэму, самастойна або па пытаннях настаўніка пераказаць добра знаёмы – праслуханы або прачытаны ‑ мастацкі твор, скласці апавяданне па малюнку, па серыі малюнкаў, на зададзеную тэму, расказаць аб падзеях з асабістага жыцця; умець граматычна правільна будаваць простыя і складаныя сказы, выкарыстоўваючы розныя спосабы сувязей паміж імі; дакладна ужываць у маўленні вызначэнні, параўнанні, сінонімы, антонімы, мнагазначныя словы; утвараць назвы дзіцянят жывёл, посуду, людзей па характары іх дзейнасці; інтанацыйна выразна афармляць свае выказванні; правільна вымаўляць гукі роднай мовы.

 

 

 

  1. Дыдактычныя асновы, прынцыпы і крытэрыі канструявання зместу навучання грамаце

 

Змест і структураванне навучання грамаце ў першым класе вызначаецца, зыходзячы з таго палажэння, што пісьменнасць у сапраўдным сэнсе слова азначае валоданне чалавекам ”чуццём роднай мовы“, разуменнем яе будовы і законаў і ўменнем карыстацца імі. Грамата з’ўляецца, з аднаго боку, прадметам навучання, а з другога – сродкам навучання, пазнання рэчаіснасці, светапогляду.

Навучанне грамаце з’яўляецца шматаспектным прадметам, які прадугледжвае вырашэнне як чыста практычных задач навучання дзяцей чытанню і пісьму, так і агульнае маўленчае развіццё вучняў, фармірванне ў іх новых адносін да маўленчай рэчаіснасці.

У якасці вядучых кампанентаў зместу навучання грамаце выступаюць:

-    прадметныя веды (асноўныя моўныя паняцці, літары як умоўныя знакі абазначэння гукаў на пісьме, элементарныя літаратуразнаўчыя ўяўленні);

-    спосабы дзейнасці (гукавы аналіз слоў, чытанне, пісьмо, пабудова звязнага выказвання);

-    мастацка-вобразнае пазнанне рэчаіснасці (праз фальклор і мастацкія літаратурныя творы).

Метадычныя прынцыпы навучання грамаце, кіруючыся якімі педагог выбірае сродкі навучання, наступныя.

Прынцып узаемасувязі сенсорнага, разумовага і маўленчага развіцця дзяцей. Ён базіруецца на разуменні чытання і пісьма як мовамысліцельнай дзейнасці, развіццё якой цесна звязана з пазнаннем навакольнага свету. Пісьмовае маўленне, да якога адносяцца чытанне і пісьмо, абапіраецца на сенсорныя ўяўленні (перш за ўсё фанематычныя), што складаюць аснову мыслення, і развіваецца ў адзінстве з мысленнем.

Прынцып камунікатыўна-дзейнаснага падыходу да развіцця вуснага і пісьмовага маўлення. Ён выцякае з мэты навучання грамаце – развіцця навыкаў чытання і пісьма, вуснага маўлення як сродку зносін і пазнання – і ўказвае на практычную накіраванасць працэсу навучання грамаце.

Прынцып развіцця моўнага чуцця (”чуцця мовы“). Моўнае чуццё – гэта неасэнсаванае валоданне заканамернасцямі роднай мовы, дзякуючы якому дзеці свабодна карыстаюцца формамі мовы ў дачыненні да новага матэрыялу, камбінуюць элементы мовы ў адпаведнасці з яе законамі, хаця і не ўсведамляюць іх. З развіццём ”чуцця мовы“ звязана фарміраванне моўных абагульнянняў.

Прынцып фарміравання элементарнага асэнсавання з’яў вуснай і пісьмовай мовы. Гэты прынцып засноўваецца на тым, што ў аснове авалодання маўленнем, чытаннем і пісьмом ляжыць не толькі імітацыя, перайманне вуснага маўлення і спосабаў пісьмовага маўлення дарослых, але і неўсвядомленае абагульненне з’яў мовы і спосабаў дзеяння з ёю. Арганізацыя працэсу пазнання дзіцем самой моўнай рэчаіснасці садзейнічае развіццю ў яго здольнасці ствараць новыя выказванні, пераносіць атрыманыя ўменні чытання і пісьма на новы моўны матэрыял.

Прынцып узаемасувязі работы над рознымі кампанентамі вуснага і пісьмовага маўлення. Рэалізацыя гэтага прынцыпу складаецца з такой пабудовы работы, пры якой ажыццяўляецца засваенне ўсіх узроўняў мовы ў іх цеснай ўзаемасувязі. Засваенне лексікі, фарміраванне граматычнага ладу маўлення, развіццё ўспрымання маўлення і вымаўленчых навыкаў, дыялагічнага і маналагічнага маўлення, чытання і пісьма – асобныя, у дыдактычных мэтах выдзеленыя, але ўзаемазвязаныя часткі аднаго цэлага – працэсу авалодання сістэмай мовы.

Прынцып узбагачэння матывацыі маўленчай дзейнасці. Ад матыву як важнага кампанента ў структуры маўленчай дзейнасці залежаць якасць як вуснага, так і пісьмовага маўлення і паспяховасць навучання ў цэлым. Станоўчая матывацыя павышае выніковасць заняткаў па навучанні грамаце. Важным матывам навучання дзяцей шасцігадовага ўзросту з’яўляецца пазнавальны інтарэс, а ў навучанні грамаце – інтарэс да друкаванага слова (даведацца, што напісана пад малюнкам, прачытаць загадку і да т.п.). У вучняў фарміруецца і больш адцягнутая матывацыя: навучыцца чытаць, каб многа ведаць і добра вучыцца ў школе.

Прынцып забеспячэння актыўнай маўленчай практыкі. Маўленчая актыўнасць – гэта не толькі гаварэнне, але і слуханне, успрыманне маўлення, чытанне і пісьмо. Свае выражэнне гэты прынцып знаходзіць у тым, што мова – вусная і пісьмовая – засвойваецца ў працэсе яе ўжывання, маўленчай практыкі. Паўторнасць ужывання моўных сродкаў, практыкаванне ў чытанні і пісьме ва ўмовах, што пастаянна змяняюцца, дазволяць выпрацаваць трывалыя і гібкія маўленчыя навыкі, навыкі чытання і пісьма складоў, слоў і сказаў рознай складанасці, засвоіць абагульненні.

 

 

 

  1. Агульная характарыстыка і асаблівасці пабудовы зместу навучання грамаце

 

Навучанне грамаце ажыццяўляецца ў першым класе 11-гадовай сярэдняй школы на працягу вучэбнага года.

Асноўны змест навучання грамаце размяркоўваецца па перыядах (падрыхтоўчы, букварны і паслябукварны) і па раздзелах (навучанне чытанню, навучанне пісьму, развіццё маўлення, пазакласнае чытанне).

Змест навучання грамаце будуецца так, каб выпрацаваць у дзяцей новае стаўленне да маўленчай рэчаіснасці, не менш цікавай і важнай, чым навакольнае жыццё; пачаткі пісьменнасці ў сапраўдным сэнсе слова: творчае стаўленне да ўласнай маўленчай дзейнасці, пазнавальны інтарэс да мовы, валоданне ”чуццём роднай мовы“, элементарнае разуменне яе будовы і некаторых заканамернасцей і ўменне карыстацца імі.

На ўроках навучання грамаце ажыццяўляецца развіццё маўленчага і фанематычнага слыху дзяцей, азнаямленне вучняў з асноўнымі лінгвістычнымі паняццямі. Яны знаёмяцца са сказам і слоўнай будовай сказа. Атрымліваюць веды аб складовай будове слова, аб слоўным націску. Дзеці вучацца арыентавацца ў гукавой рэчаіснасці мовы, аналізаваць гукавы склад слова, параўноўваць гукі па іх якаснай характарыстыцы (галосныя, цвёрдыя і мяккія зычныя), супастаўляць словы па гукавым складзе.

Чляненне сказаў на словы, гукавы і складовы аналіз слова выступаюць як сродкі выяўлення асноўнай уласцівасці мовы – лінейнасці. У вучняў фарміруецца ўяўленне аб тым, што элементы мовы (словы, склады, гукі) праяўляюцца ў лінейна пабудаваных выказваннях, у маўленчым ланцугу. У той жа час дзецям дэмаструецца дыскрэтнасць (членараздзельнасць) моўных адзінак. У працэсе навучання вучні знаёмяцца і з такой кардынальнай уласцівасцю мовы, як залежнасць формы і значэння моўнай адзінкі.

Навучанне чытанню прамых складоў ажыццяўляецца па пазіцыйным прынцыпе – з арыенціроўкай на галосную літару і галосны гук. Пасля асваення чытання склада і слоў па складах вучні авалодваюць злітным чытаннем слова і плаўным, звязным чытаннем сказа.

Працэс навучання грамаце выступае таксама як прапедэўтычны курс арфаграфіі, падчас авалодання граматай адбываецца знаёмства дзяцей з правіламі словаўжывання і эстэтыкай роднага слова.

Такім чынам, навучанне грамаце носіць агульнаразвіццёвы характар, садзейнічае развіццю творчых здольнасцей, актыўнай мысліцельнай дзейнаці дзіцяці. Усе гэта мае вырашальнае значэнне для далейшага вывучэння мовы ў пачатковай і сярэдняй школе.

З улікам лінгвістычнай сітуацыі ў Беларусі ў працэсе навучання грамаце дапускаецца азнаямленне вучняў з эквівалентнымі з’явамі блізкароднаснай мовы. Настаўнік дапамагае дзяцям параўноўваць з’явы абедзвюх моў (гук – звук, склад – слог, сказ – предложение), падводзіць да разумення таго, што і беларуская, і руская мовы маюць адны і тыя ж заканамернасці. Гэта садзейнічае больш глыбокай лінгвістычнай падрыхтоўцы дзяцей.

Змест навучання грамаце рэалізуецца праз урокі чытання, пісьма і факультатыўныя заняткі, якія забяспечваюць права першакласніка на выбар заняткаў у адпаведнасці з яго інтарэсамі і магчымасцямі.

 

 

 

  1. Склад і структура вучэбна-метадычнага комплексу

 

У склад вучэбна-метадычнага комплексу па навучанні грамаце ўваходзяць:

-    вучэбная праграма па навучанні грамаце для першага класа;

-    Буквар – вучэбная кніга;

-    сшыткі на друкаванай аснове (”Пропісь 1“, ”Пропісь 2“, ”Пісьмо“);

-    мастацкія дзіцячыя кнігі для пазакласнага чытання;

-    дыдактычныя матэрыялы для чытання;

-    насценныя табліцы па навучанні грамаце;

-    прадметныя, сюжэтныя малюнкі і рэпрадукцыі карцін для развіцця маўлення (мультымедыа);

-    зборнікі дыягнастычных заданняў для праверкі маўленчых уменняў і навыку чытання (у тым ліку электронны варыянт);

-    вучэбна-метадычны дапаможнік для настаўнікаў;

-    праграмы і вучэбна-метадычныя дапаможнікі для факультатыўных заняткаў.